Допыты не спыніць

Махавік допытаў, запушчаны 19 снежня, не спыняецца. «Торгаюць усіх, каб хоць што раскалупаць, каб можна было прышыць гэта да справы», — лічыць актывіст Аляксандр Дзямідаў.

Махавік допытаў, запушчаны 19 снежня, не спыняецца. «Торгаюць усіх, каб хоць што раскалупаць, каб можна было прышыць гэта да справы», — лічыць актывіст Аляксандр Дзямідаў.
Яго дапыталі наконт крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» у Ленінскім райаддзеле міліцыі Магілёва. Актывісту партыі БХД паведамілі, што яго мабільны тэлефон быў запеленгаваны ў дзень выбараў на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Як сказаў старшы оперупаўнаважаны Болатаў, ліст з загадам дапытаць актывіста прыйшоў з Мінска. «Важкіх доказаў, што на плошчы былі беспарадкі, у іх няма», — зрабіў выснову Аляксандр Дзямідаў. Дагэтуль яго выклікалі на допыт у Мінск. Аднак без позвы ён ехаць адмовіўся.
У Маскоўскі РАУС Брэста выклікалі прадпрымальніка Станіслава Федзько. Участковы, які вёў допыт, цікавіўся інфармацыяй наконт беспарадкаў і ўдзелу Станіслава ў акцыі пратэсту. На падобныя пытанні прадпрымальнік адмовіўся адказваць. Пасля гэтага яго сфатаграфавалі на прадмет апазнання сярод асобаў, што бралі ўдзел у акцыі.
У мазырскім гарадскім аддзеле УКДБ у якасці сведкі быў дапытаны па беспарадках праваабаронца Уладзімір Целяпун. Размову з ім вёў камітэтчык Васіль Прыходзька. Праваабаронца пакінуў чэкістам для азнаямлення дакументы, датычныя назірання падчас выбараў. І паабяцаў, што ў свой спіс прадстаўнікоў дзяржструктураў, якіх ён знаёміць з незалежным маніторынгам выбараў у рэгіёне, уключыць у наступную выбарчую кампанію і начальніка КДБ.
А фотажурналістку Ксенію Авімаву дапыталі як сведку ў ГУУС Мінгарвыканкама. Што рабіла і што бачыла 19 снежня — такі быў лейтматыў пытанняў. Як паведаміла Ксенія, ніякія фотаматэрыялы ў яе «пакуль» не забралі.
Па інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, у сувязі з паслявыбарнымі падзеямі ператрусы былі праведзены ў 12 журналістаў і ў 4 офісах СМІ. Таксама як сведак па крымінальнай справе «аб масавых беспарадках» журналістаў выклікалі на допыты.