Друкарня «Карандаш»: Друкаваць не будзем, бо «Радыё Свабода» — экстрэмісцкае

Напярэдадні Дзядоў Радыё Свабода падрыхтавала мапу Усходніх могілак «Беларускі некропаль» з пазначэннем магілаў 50 выбітных беларусаў, якія прысвяцілі жыццё беларускай справе, культуры ці мове. Аднак мінская друкарня палічыла яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовілася браць замову.



958656ae_4cd1_4899_af16_949320a70367_w640_r1_s_cx0_cy9_cw0.jpg

Алена Рыбак, адміністратар павільёну нумар 2 друкарні "Карандаш"

Наклад мапы меў вырабіць друкавальны цэнтр «Карандаш», які знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў Мінску. На этапе падрыхтоўкі да друку пытанняў не ўзнікла: напярэдадні былі вырабленыя пробныя асобнікі і складзеная замова. Сёння адміністратарка друкарні Алена Рыбак заявіла, што лічыць матэрыялы агітацыйнымі, а Радыё Свабода, сайт якога пазначаны на мапе, — антыдзяржаўным, а таму цэнтр адмаўляецца іх друкаваць.

Алена Рыбак спаслалася на ўнутраную інструкцыю цэнтру «Карандаш»:
 

— Мы не праводзім друк любых матэрыялаў парнаграфічнай, экстрэмісцкай, нацысцкай, антыдзяржаўнай скіраванасці, а таксама агітацыйных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць прыкметы перадвыбарчай агітацыі, агітацыі па пытаннях рэферэндуму і тых, якія могуць быць ужытыя падчас правядзення грамадска-палітычных акцыяў і кампаніяў.
 

Свабода пацікавіліся ў Алены Рыбак, пад які з названых пунктаў падпадае друк мапы Усходніх могілак:
 

— У гэтай мапе спасылаецеся на розныя крыніцы кшталту Радыё Свабода і гэтак далей. Толькі што я наведала гэты сайт — сайт Радыё Свабода — і канкрэтна пабачыла, што яны там вельмі актыўна размяшчаюць розныя карыкатуры на нашых супрацоўнікаў КДБ. Мякка кажучы, іх гонар і годнасць, відавочна, зневажаюцца, — падкрэслілаАлена Рыбак.
 

На пытанне, ці з’яўляецца сайт Свабоды забароненым, экстрэмісцкім ці антыдзяржаўным, адміністратарка друкарні адказала:
 

— Асабіста я думаю, што так. Можа, ён і не забаронены, але я там знайшла фатаграфію, якая зневажае супрацоўнікаў КДБ.

— Ці вы надрукуеце мапу, калі там ня будзе спасылкі на сайт Радыё Свабода?
 

— У мяне ёсць сумневы, хоць і не было магчымасці пачытаць файл, але не магу стоадсоткава гарантаваць, што вы там ні да чаго экстрэмісцкага не заклікаеце.
 

— То бок, вы лічыце, што мапа Усходніх могілак можа быць экстрэмісцкім матэрыялам?
 

— Я расцэньваю, што гэты матэрыял можа выкарыстоўвацца не ў нейкіх рэкламных, а ў мэтах закліку да нейкіх дзеянняў. Сама мапа — не, але мяне непакоіць, што ў вас тут паўсюль стаіць спасылка на Радыё Свабода са сваімі заклікамі, якое высмейвае на сваім сайце нашых аператыўных упаўнаважаных асобаў, выстаўляе іх у дурным святле.
 

— Дык у Беларусі забаронена рэкламаваць Радыё Свабода?
 

— Запраста. Але не ў тым выпадку, калі яно зневажае нашых людзей. Гэта сайт, які сябе пазіцыянуе як скрайне... як гэта сказаць...  зневажае людзей. І я не ведаю, якія мэты вы пераследуеце, — заявіла Алена Рыбак, адміністратарка цэнтру «Карандаш».
 

* * *
 

«Беларускі нацыянальны некропаль» — так называецца праект Радыё Свабода, мае на мэце пашырыць веды пра беларускіх культурных і грамадскіх дзеячаў і ўшанаваць іх памяць. У яго межах плануецца выдаць мапы-схемы мінскіх могілак з пазначэннем месцаў пахаванняў выбітных дзеячаў. Усе мапы будуць неўзабаве даступныя ў інтэрнэце.
 

Першая анлайн-экскурсія па Усходніх могілках, а таксама электронная мапа з пазначэннем магілаў выбітных беларусаў — неўзабаве з’явіцца на нашым сайце.
 

Вось як выглядае мапа, якую «Карандаш» адмовіўся друкаваць:

gdb.rferl.org__7ad19caf_419e_4_61104dd3a4179a4f096e73ec08963f09.jpeg


gdb.rferl.org__91731ba0_0f93_4_eb4478fe04de50e449f08af024c1b3b1.jpeg

www.svaboda.org