Два гады калоніі — за тое, што здымаў ваенны самалёт
За здымку ваеннага самалёта пінчуку Канстанціну Байсараву прысудзілі два гады калоніі, паведамляюць праваабаронцы
У Брэсцкім абласным судзе разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да 23-гадовага Канстанціна Байсарава.
Працэс вёў суддзя Андрэй Лешчанка, дзяржабвінавачанне падтрымліваў пракурор Аляксей Ярошык.
Канстанціну Байсараву ставілася ў віну тое, што 27 лютага 2022 года ён даслаў у бот «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала відэа ваеннага самалёта. Гэтыя дзеянні кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
У выніку хлопцу прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму. Яго ўзялі пад варту ў зале суда.