ДВП ухіліўся ад адказу наконт суіцыдаў у калоніі ў Навасадах. На чарзе пракуратура
ПЦ "Вясна" прасіў міністра ўнутраных спраў пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю ад асуджаных пра суіцыды ў ПК-14, што знаходзіцца ў Навасадах (Барысаўскі раён). Паколькі з адказам, які прыйшоў з ДВП МУС, праваабаронцы пагадзіцца не могуць, наступным крокам стаў зварот у пракуратуру.
Асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў папраўчай калоніі №14, паведамілі ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" пра ўчыненыя за кароткі прамежак часу чатыры самагубствы і дзве спробы самагубстваў у атрадзе 18 калоніі. У сувязі з гэтым, кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі ў канцы жніўня накіраваў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу зварот з просьбай пацвердзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю і, калі такія выпадкі мелі месца, правесці праверку. Пры правядзенні праверкі праваабаронца прасіў высветліць прычыны і абставіны суіцыдальных дзеянняў зняволеных, а таксама ўстанавіць, ці не з'яўляліся яны следствам неналежнага выканання абавязкаў службовымі асобамі калоніі, ці не было ў дзеяннях службовых ці іншых асобаў складу крымінальнага злачынства.
У адказе, які прыйшоў з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, першы намеснік начальніка ДВП Іван Мысліцкі, паведамляе праваабаронцу, што «факты, выкладзеныя ў звароце, не адпавядаюць рэчаіснасці». Але, разам з тым, спасылаючыся на пункт 40 дадатку да Пастановы Савета міністраў №783 ад 12.08.2014, указвае, што «звесткі аб працы органаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы пры арганізацыі выканання і адбывання пакаранняў адносяцца да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання».
Эксперт "Вясны" па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы Павел Сапелка адзначае, што праваабаронцы не могуць пагадзіцца з дадзенай трактоўкай прадстаўніка ДВП, паколькі запытаная інфармацыя не можа быць аднесеная да названай ім катэгорыi звестак.
«Адказ Дэпартамента выканання пакаранняў атрымаўся нейкі двухсэнсоўны. З аднаго боку, яны сцвярджаюць, што звесткі, паведамленыя Праваабарончым цэнтрам "Вясна", не пацвердзіліся. З іншага боку, кажуць пра тое, што яны і не павінны распавядаць праўду ў сілу таго, што гэтая праўда абараняецца законам аб інфармацыі і інфарматызацыі і гэтак далей. Мы не згодныя з такой пастаноўкай пытання, таму што, паводле гэтага закону, ёсць пералік звестак, якія не могуць быць прызнаныя інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання. У тым ліку гэта датычыцца выпадкаў здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, выпадкаў, калі так ці інакш парушаюцца асноўныя правы грамадзянаў», - тлумачыць Павел Сапелка.
Адзіным выхадам са склаўшайся сітуацыі стаў зварот у органы пракуратуры. Звяртаючыся да генеральнага пракурора, праваабаронцы, са спасылкай на закон "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі", падкрэсліваюць, што «звесткі аб надзвычайных здарэннях ва ўстановах ДВП МУС, у тым ліку, калі яны суправаджаліся парушэннем законнасці і замахамі на правы, свабоды і законныя інтарэсы асуджаных грамадзянаў, і калі гэтыя звесткі адлюстроўваюць стан грамадскай бяспекі ва ўстановах ДВП МУС, не могуць быць абмежаваныя ў распаўсюджванні».
Кіраўнік ПЦ "Вясна" заклікае генпракурора правесці праверку па ўказаных фактах самагубстваў і спробаў самагубства ў ПК №14 і даць адказ па сутнасці.