СМІ: Дыспетчар, які садзіў самалёт з Пратасевічам, з’ехаў разам з сям’ёй

Як стала вядома «Нашай Ніве» ад некалькіх дыспетчараў «Белаэранавігацыі», разам з сям’ёй з Беларусі з’ехаў дыспетчар, які меркавана вёў перамовы з пілотам «Ryanair» рэйса «Афіны — Вільня», на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч.

Пра шлюб грузінскага дыспетчара Алега Галегава з мінчанкай расказвала беларускае тэлебачанне ў 2017 годзе, падчас візіту ў Мінск прэзідэнта Грузіі Георгія Маргелашвілі.

Пра шлюб грузінскага дыспетчара Алега Галегава з мінчанкай расказвала беларускае тэлебачанне ў 2017 годзе, падчас візіту ў Мінск прэзідэнта Грузіі Георгія Маргелашвілі.

Дыспетчар Алег Галегаў жыў у Мінску разам з сям’ёй, цягам некалькіх дзён журналістам не ўдалося дазваніцца да яго па хатнім тэлефоне. У «Белаэранавігацыі» ён працаваў як мінімум з 2010 года. На пачатку ліпеня павінен быў пасля адпачынку выйсці на змену, яго прозвішча стаяла ў раскладзе дзяжурстваў, але калегі яго так і не ўбачылі.
«Асабіста я не бачыў Алега даўно, — кажа «НН» яго калега. — Ходзяць чуткі, што ён знік. Калегі не могуць з ім звязацца і хвалюцца: да яго немагчыма дазваніцца, ён павыдаляў свае сацыяльныя сеткі. Начальства афіцыйна нічога нам не даводзіла. Але я асабліва праз яго не пераймаюся, бо думаю, ён проста перастрахаваўся і з’ехаў. Спецыяліст ён класны, работу знойдзе без праблем у любой краіне. Голас на апублікаваным запісе з інцыдэнтам "Ryanair" яго».
Гэтую інфармацыю пракаментавалі ў самой «Белаэранавігацыі». Намеснік гендырэктара Іван Герлоўскі спачатку сказаў, што Галегаў з чэрвеня ў адпачынку, і ён нічога не ведае пра яго знікненне ці звальненне. Пасля пытання, чаму ў арганізацыі такія доўгія адпачынкі, Герлоўскі ўдакладніў:
— Так, мы, калі шчыра казаць, званілі, пыталіся, дзе ён знаходзіцца, як ён там [неразборліва].   — Вы яму званілі?— Ну званілі дзе ён жыве, у цешчы... Гэтым аддзел кадраў займаўся.
Алег Галегаў — этнічны грузін. Ён пераехаў у Беларусь ужо ў свядомым узросце, пазнаёміўся з беларускай Ганнай, якая была ў яго краях у камандзіроўцы.
«Думаю, ён з’ехаў да сваякоў у Грузію», — сказаў «НН» яшчэ адзін калега дыспетчара.
Журналісты спрабавалі звязацца з Алегам і яго жонкай, але мабільны не адказвае, сацыяльныя сеткі вычышчаны. Ёсць толькі Інстаграм, дзе цалкам зменены нікнэйм, выдалены амаль усе фаловеры, а ў закрытага профілю няма заставачнага фота. Аналагічная сітуацыя з жонкай: толькі нядаўна атрымаўшы новыя сертыфікаты гештальт-тэрапеўта (прафесія, якая звычайна прадугледжвае актыўную прысутнасць у сацсетках), яна закрыла ўсе свае профілі. «Наша Ніва» адправіла паведамленне Ганне Галегавай, але адказу пакуль няма.