Дзе і калі Лукашэнка з’яўляўся на паштовых марках?
Цалкам незаўважна прайшло 20-годдзе з’яўлення кіраўніка Беларусі ў свеце філатэліі. Сімвалічна ўзгадалі пра гэта толькі… кітайцы.
У 1996-м Аляксандр Лукашэнка ўпершыню з’явіўся на філатэлістычнай сцэне: была выпушчаная адмысловая марка, канверт ды штэмпель з тэкстам пра «першага прэзідэнта Беларусі». З таго часу ў Беларусі нічога падобнага не выпускалася. А што ў свеце?
Ліберыя, Малдова, Узбекістан…
У 2000-м беларускага кіраўніка ўзгадалі на марках Ліберыі. Паштовая адміністрацыя рэжыма Чарльза Тэйлара вырашыла выпусціць серыю марак з выявамі ўсіх тагачасных першых асобаў з нагоды святкавання г.зв. Міленіюму і ўрачыстага збору лідараў свету ў Нью-Йорку на Асамблеі ААН: агулам 190 марак з партрэтамі! На сёння гэта адзіная, пасля беларускай, партрэтная марка з Лукашэнкам у свеце.
Філатэлісты маглі б падзякаваць Тэйлару за такі падарунак, калі б ён зараз не адбываў 50-гадовы тэрмін зняволення за шматлікія злачынствы падкантрольных яму ўзброеных груповак. Дарэчы, менавіта Тэйлар некалі стаў прататыпам прэзідэнта Ліберыі ў фільме «Збройны барон» з Нікаласам Кейджам.
Наступнымі былі дзве маркі, на якіх Лукашэнка прысутнічае сярод групы палітыкаў: на саміце СНД у Кішенёве (Малдова, 2002) і сходзе ЕурАзЭС-АДКБ у Маскве (Узбекістан, 2006). Разам з тым, на малдоўскіх ды ўзбекскіх марках кіраўніка Беларусі можна разгледзець хіба пад лупай — занадта дробная выява.
«Кітайскім сябрам з пажаданнем дабрабыту»
І вось, пасля візіту Лукашэнкі ў Кітай у верасні 2016-га, з’яўляецца капэрта з яго вялікай выявай, падпісаная па-беларуску і па-кітайску. Ёсць тут і факсімільнае пажаданне «дабрабыту кітайскім сябрам», напісанае, зноў жа, па-беларуску, з подпісам «Ал.Лукашэнка». Замова выкананая Кітайскай нацыянальнай філатэлістычнай карпарацыяй, наклад — 50 000 адзінак.
Так кітайцы сімвалічна адзначылі з’яўленне кіраўніка Беларусі ў філатэліі: 1996-2016. Ёсць тут, праўда, і прагматычны момант: жыхары Паднябёснай выпускаюць падобныя канверты з выявамі сусветных лідараў, якія прыязджаюць з афіцыйнымі візітамі, пачынаючы з 2006 году — справа пастаўленая на паток.
Для цікавасці адзначым, што адзіным апанентам Лукашэнкі, які трапіў на маркі, стаў Аляксандр Мілінкевіч. У 2012-м Гвінея надрукавала марачныя блокі з выявамі лаўрэатаў прэміі ім. Сахарава, дзе выява Аляксандра Уладзіміравіча змешчаная побач з партрэтам Нэльсана Мандэлы.