Дзе ў Беларусі небяспечна збіраць грыбы

Сёлета ў Беларусі грыбны бум. Аматары дароў лесу збіраюць рэкордныя ўраджаі, часта не зважаючы на бяспеку: паводле экспертаў, больш за траціну ад правераных свежых грыбоў у Беларусі мелі недапушчальны ўзровень цэзію-137. 

04a9e1d2_0df4_4e52_aa8e_7aa0498432ae_w1023_r1_s.jpg


Згодна з жнівеньскімі дадзенымі дзяржаўнай установы па ахове і маніторынгу лесу «Беллесаахова», 37 % усіх пробаў свежых грыбоў мелі падвышаны ўзровень забруджвання цэзіем-137 — 370 Бк/кг (РДУ-99).

У «Беллесаахове» паведамілі, што ў Беларусі небяспечна збіраць грыбы на тэрыторыі паўтара мільёна гектараў — з прычыны радыяцыйнай забруджанасці. «Грыбы, сабраныя ў зоне з утрыманнем цэзію ад 1 да 2 кюры на квадратны кіламетар трэба абавязкова кантраляваць. А ў зонах вышэй за 2 кюры на квадратны кіламетар грыбы наогул лепш не збіраць. Такую інфармацыю можна ўзяць на сайтах лясгасаў», — сказаў карэспандэнту дырэктар «Беллесааховы»​ Дзмітры Малевіч.​

У Мінскай вобласьці да небяспечных адносяць Валожынскі, Бярэзінскі, Старобінскі лясгасы, а таксама часткова Лагойскі, Маладэчанскі, Барысаўскі, Крупскі і Слуцкі лясгасы. Паводле Малевіча, у Валожыне збіраць грыбы нельга наогул, бо там ёсць тэрыторыі, забруджанасць якіх перавышае 5 кюры на квадратны кіламетар.

У Гомельскай вобласці небяспечна збіраць грыбы ва ўсіх лясгасах, за выключэннем Кастрычніцкага і пары лясных кварталаў у Светлагорскім і Петрыкаўскім лясгасах (амаль на мяжы з Магілёўскай вобласцю).
У Магілёўскай вобласці небяспечныя для грыбнікоў Краснаполле, Касьцюковічы і Чэрыкаў. Да іх можна дадаць Клімавічы і Быхаў, паўднёвую частку Магілёўскага раёну, Чавусы і зону да 5 кюры на квадратны кіламетар у Бялынічах.
У Берасьцейскай вобласці — Лунінец і Столін. Таксама невялікая тэрыторыя ў Пінску (паўднёвая частка на мяжы з Украінай).
У Гродзенскай вобласьці — Іўе і Наваградак. Тут забароны на збор грыбоў няма, але кантраляваць іх трэба.

Чыстай для грыбнікоў лічыцца Віцебская вобласць.

9955ceac_96f4_410e_92d2_0eff4efa7a39_w650_r0_s.jpg

Мапа забруджвання лясгасаў Гомельскай вобласці цэзіем-137. Крыніца: «Беллесаахова» 

Чаму грыбы з зоны забруджанасці трэба правяраць

Паводле Дзьмітрыя Малевіча, грыбы, сабраныя на забруджанай тэрыторыі (ад 1 да 5 кюры цэзію-137) трэба правяраць. Дзеля гэтага аптымальны варыянт — звярнуцца ў санстанцыю ці ў лясгас.
«Мы праводзілі такі эксперымент: правяралі тры баравікі, сабраныя „на пятачку“ ў адным месцы, — і яны адрозніваліся ў два разы па ўдзельнай актыўнасці. Адзін грыб захапіў больш радыецэзію, а другі меней. Таму трэба абавязкова кантраляваць грыбы, сабраныя ў зоне забруджанасці. Санстанцыя давала сёлета звесткі па Крупскім лясфондзе, там не знайшлі ніводнага бруднага грыба. Хоць у іх 6–8 кварталаў забруджаныя. Тое ж самае па Лагойскім, хоць там ёсьць невялікая зона забруджанасці», — кажа дырэктар «Беллесааховы».​
Чаму гаворка ідзе пра тэрыторыі, забруджаныя цэзіем, а не згадваюцца забруджаныя стронцыем?
Па словах Дзмітрыя Малевіча, стронцый «так далёка не заляцеў ад месца чарнобыльскай аварыі.
«Туды, дзе ён заляцеў, проста не дадуць зайсці з прычыны кантрольна-прапускнога рэжыму. Гэта зоны вышэй за 15 кюры на квадратны кілямэтар па цэзіі. Альбо гэта Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Прайсці на гэтую тэрыторыю нерэальна», — кажа спецыяліст.

Якія грыбы назапашваюць найбольш радыенуклідаў і якія менш?

Меней за ўсё назапашваюць радыяцыі ўсе віды апенек, парасонік стракаты і дажджавік. Паводле Малевіча, нават у зонах да 5 кюры яны будуць чыстыя.
Сярэдненазапашваючымі лічацца лісічкі, баравік, падасінавік, падбярозавік. Гэтыя грыбы, сабраныя ў зоне, лепш пракантраляваць.

Моцна назапашваюць радыяцыю ўсе пласцінчатыя віды грыбоў — сыраежкі, мачонкі, грузды і іншыя.


Да грыбоў-акумулятараў адносяць махавікі, польскі грыб, кабылку, гаркушку. І самы небяспечны грыб, які найбольш назапашвае радыяцыі, гэта курачка (каўпак стракаты).
На тэрыторыі лясфонду Беларусі «Беллесаахова» мае больш за сорак кантрольных палігонаў па грыбах і ягадах.

Як даведацца, ці чысты лес

У Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя карэспандэнту Свабоды сказалі, што збіраць грыбы рэкамэндуецца на ўчастках, якія маюць забруджанасць па цэзіі не больш за 2 кюры на квадратны кіламетар. Каб даведацца, ці чысты лес, грамадзянам трэба звяртацца ў мясцовыя лясгасы.
Прадстаўнік Цэнтру таксама паведаміў, што падчас маніторынгу ў Слаўгарадзе сёлета вялікая колькасць грыбных проб паказвае перавышэнне забруджанасці радыенуклідамі.
Размеркаваньне лясгасаў Беларусі па цяжару радыеактыўнага забруджвання па стане на 01.01.2017. Крыніца: «Беллесаахова»

Паглядзець табліцу ў поўным памеры тут і тут.
Паводле "Радыё Свабода"