Дзень Волі хочуць адзначыць шэсцем па цэнтры Мінска і канцэртам на стадыёне «Дынама»

Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі ў Мінску падаў заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне святочных мерапрыемстваў. Пра гэта ў сваім телеграм-канале напісаў адзін з арганізатараў Эдуард Пальчыс.

Дзень Волі-2018, фота Дзіяны Пінчук

Дзень Волі-2018, фота Дзіяны Пінчук

У заяўцы арганізатары просяць дазволіць 24 сакавіка шэсце ад вуліцы Кастрычніцкай да стадыёна «Дынама», дзе пройдзе мітынг і канцэрт.
Заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства была пададзеная ад юрыдычных асоб: культурнай пляцоўкі «Арт-Сядзіба» і Партыі БНФ.
«Мерапрыемства скіраванае на нацыянальную кансалідацыю вакол каштоўнасцяў дзяржаўнага суверэнітэту, развіцця ды ўмацавання беларускай нацыі, на прыцягненне ўвагі беларускага грамадства ды спадчыны БНР, ды неабходнасці нацыянальнага Адзінства дзеля абарона незалежнасці Беларусі», — гаворыцца ў Facebook аргкамітэта.


Выбар лакацыі для правядзення мерапрыемства арганізатары тлумачаць тым, што на папулярнай у жыхароў Мінска і турыстаў вуліцы Кастрычніцкай амаль адсутнічае аўтамабільны рух, яна шырокая і зручная для шэсця і дэманстрацыі, яе перакрыцце ў выходны дзень нікому не будзе замінаць. Да таго ж, ёсць вопыт па арганізацыі і правядзенні на гэтай вуліцы масавых мерапрыемстваў і шэсцяў.
Стадыён «Дынама» для правядзення канцэрта арганізатары выбралі па некалькіх прычынах: 1. Сімвалічна. Менавіта на стадыёне «Дынама» 30 гадоў таму, 19 лютага 1989 года, адбыўся першы дазволены мітынг пад бел-чырвона-белымі сцягамі, арганізаваны аргкамітэтам БНФ і Канфедэрацыяй беларускіх аб'яднанняў («Талака», «Тутэйшыя» і іншыя — на той момант каля 100 моладзевых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый). 2. Рэалістычна. Гатовая інфраструктура стадыёна дазваляе камфортна змясціць больш за 30 тысяч чалавек, а таксама выключыць магчымыя праблемы для арганізатараў пры дрэнным надвор'і. 3. Відовішчна. Вялікія экраны і сцэна, новы прыгожы стадыён, тысячы людзей і ўрачыстая атмасфера — усё гэта дазволіць стварыць сапраўднае свята беларускага адзінства.
Чытайце таксама:

Свята не для ўсіх


З кіраўніцтвам стадыёна аргкамітэт ужо правёў папярэдняе абмеркаванне варыянту правядзення на гэтай пляцоўцы Дня Волі 2019.
«Атрымана інфармацыя, што ёсць магчымасць закрыць поле і бегавыя дарожкі адмысловым пакрыццём, паставіць сцэну, забяспечыць наведнікаў харчаваннем і цёплымі напоямі праз шматлікія кропкі продажу на стадыёне. У гэты час на стадыёне не плануецца вялікіх мерапрыемстваў: футбольны сезон пачнецца ў красавіку, а Еўрапейскія гульні адбудуцца ў чэрвені-ліпені, таму стадыён будзе гатовы прыняць Дзень Волі пры пазітыўным адказе Мінгарвыканкама»», — кажуць арганізатары.
Паводле tut.by