Дзень салідарнасці журналістаў

8 верасня ўвесь цывілізаваны свет адзначае Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. З гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла адмысловую заяву.

8 верасня ўвесь цывілізаваны свет адзначае Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. З гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла адмысловую заяву.

“Гэту дату заснавала ў 1958 годзе Міжнародная арганізацыя журналістаў у памяць пра свайго чэшскага калегу Юліуса Фучыка, закатаванага гітлераўцамі 8 верасня 1943 года. Яго неўміручыя словы перасцярогі — «Людзі, будзьце пільныя!» — сёння гучаць для нас, беларускіх журналістаў, асабліва актуальна. Бо пагрозы, з якімі мы сутыкаемся, апошнім часам робяцца ўсё больш рэальнымі і жорсткімі, — гаворыцца ў заяве.
“Днямі мы страцілі Алега Бябеніна. Гэта смерць, як і смерці нашых калег Дзмітрыя Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава, пакідае больш пытанняў, чым адказаў. А тыя, хто пачынае шукаць гэтыя адказы, самі рызыкуюць жыццём. Гэтак, пасля апублікавання артыкулу «Пятля» з версіямі наконт прычын гібелі Алега Бябеніна нашай калезе Святлане Калінкінай адразу ж сталі пагражаць расправай.
Мэта гэтых брутальных і беспакараных дзеянняў — задушыць любое іншадумства. Спалохацца і замаўчаць — значыць пагадзіцца з роляй паслухмяных статыстаў, у якой хацелі б бачыць журналістаў цемрашалы і злачынцы. Але маўчанне не гарантуе бяспеку, — падкрэслівае БАЖ.
“Быць пільнымі — значыць бачыць, што адбываецца, і не маўчаць. Быць салідарнымі — значыць быць неабыякавымі адзін да аднаго і гатовымі прыйсці на дапамогу. Толькі так мы здолеем адстаяць сваё права на прафесію і на жыццё. Будзем пільнымі. Будзем салідарнымі. Будзем разам! — заклікаюць аўтары заявы.
Паводле інфармацыі БАЖ