Дзень віншаванкі пераносіцца. Адменены па тэхнічных прычынах

Адзначаць свята ў Пушкінскую бібліятэку мела прыйсці тысяча менчукоў. Свята адменена па тэхнічных прычынах.



puszkinskaya.jpg

Выпуск серыі навагодніх беларускамоўных паштовак інтэрнэт-крама «Беларуская прастора» вырашыла адзначыць заснаваннем Дня віншаванкі. З гэтай нагоды ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна беларусы рыхтаваліся частавацца каляднай гарбатай, ладзіць кірмаш і віншаваць сёння адзін аднаго толькі па-беларуску.
Галоўнай часткай святочнай праграмы павінен быў стаць канцэрт Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча і мноства іншых артыстаў.
Яшчэ ў пятніцу арганізатарам патэлефанавала намесніца дырэктара бібліятэкі Аксана Кніжнікава, якая папярэдзіла, што дамоўленасць наконт месца для імпрэзы можа сарвацца з-за тэхнічных прычын. Прадстаўнік інтэрнэт-крамы Алесь Квіткевіч да апошняга спадзяваўся, што пытанне вырашыцца, бо Пушкінская бібліятэка, паводле ягоных словаў, іх даўнішні надзейны сябра і партнёр.
Аднак, у панядзелак, непасрэдна перад святам, высветлілася, што памяшканне для правядзення канцэрту не гатовае. Запрошаныя госці былі маментальна папярэджаныя праз электронную пошту, але тым не менш у фае бібліятэкі пачалі падцягвацца людзі, якія атрымоўвалі свежанадрукаваныя паштоўкі, запісвалі святочныя відэазвароты для сяброў і спрабавалі даведацца калі ўсё ж такі адбудзецца Дзень віншаванкі. Арганізатары паабяцалі знайсці новае памяшканне ў самы бліжэйшы час.
belsat.eu