Дзянісу Івашыну перадалі некалькі лістоў і паштовак, якія яму пісалі людзі на Раство і Новы Год
Журналісту, аўтару «Новага часу» Дзянісу Івашыну перадалі некалькі віншавальных лістоў і паштовак, якія яму пісалі людзі на Раство і Новы Год. Раней ліставанне з ім перарвалася амаль на пяць месяцаў.
Івашын атрымаў лісты і паштоўкі з розных гарадоў і краінаў, напісана ў ягоным тэлеграм-канале. А таксама адна жыхарка Менску даслала яму пасылку.
«З вядомых нам асабіста адрасантаў, Дзяніс атрымаў паштоўкі ад калегаў Глеба і Насты Рубанавых, якія дасылалі свае пасланне праз сэрвіс пісьмо.бел, а таксама ад каталіцкага святара Дзяніса з-пад Мінска», — паведамляецца ў канале.
Нагадаем, Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года ў Гродне па падазрэнні ў парушэнні арт. 365 Крымінальнага кодэкса («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»). У яго дома і ў жыллі сваякоў тады сілавікі правялі ператрусы, адабралі камп’ютары, тэлефоны, лічбавыя носьбіты. Напярэдадні журналіст апублікаваў у газеце «Новы Час» расследаванне пра байцоў расфармаванага ва Украіне спецпадраздзялення «Беркут», якія перайшлі на службу ў беларускую міліцыю. Інфармацыю для публікацыі Дзяніс браў з агульнадаступных крыніц.
19 сакавіка Івашына зрабілі абвінавачаным па гэтай справе. З моманту затрымання яго ўтрымліваюць пад вартай.
2 верасня 2021 года стала вядома, што Дзянісу Івашыну выставілі новае абвінавачанне — за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК РБ). Пра гэта паведаміла Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці Вользе Івашынай у пісьмовым адказе на яе зварот.
Журналісту пагражае да 15 гадоў зняволення.
Напісаць ліст Дзянісу Івашыну можна на адрас:
Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.