Прызначылі дату суду над журналістам Алегам Груздзіловічам
Суд над Алегам Груздзіловічам пачнецца 2 сакавіка а 10-й раніцы ў судзе Савецкага раёна Мінска, паведаміла жонка палітвязня Мар'яна Груздзіловіч.
Мар’яна Груздзіловіч расказала «Свабодзе», што падала заяву на спатканне з мужам, але ў судзе ёй параілі пачакаць і патлумачылі, што магчымае больш мяккае рашэнне па справе Алега і яго могуць вызваліць у залі суду. Паводле супрацоўнікаў суду, разгляд справы можа заняць 2 дні.
Справу на Алега Груздзіловіча завялі за асвятленне ім аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі». Ён падазраваны па крымінальнай справе паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Летась ў першы раз Груздзіловіча разам з яшчэ двума «ветэранамі» «Свабоды» Інесай Студзінскай і Алесем Дашчынскім затрымалі 16 ліпеня. У рэдакцыі «Свабоды» правялі ператрус. Цягам дзесяці дзён іх усіх адпусцілі.