Сілавікі затрымалі журналіста Алега Груздзіловіча
Алега Груздзіловіча забралі з дому ў Мінску, затрымлівалі яго людзі ў масках.
Алег Груздзіловіч — падазраваны па крымінальнай справе «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Па гэтым артыкуле пагражае да чатырох гадоў калоніі, паведамляе «Свабода».
Сёлета ў першы раз Груздзіловіча разам з яшчэ двума «ветэранамі» «Свабоды» Інесай Студзінскай і Алесем Дашчынскім затрымалі 16 ліпеня. У рэдакцыі «Свабоды» правялі ператрус. Цягам дзесяці дзён іх усіх адпусцілі.
Груздзіловіч тады адмовіўся даваць паказанні. Пры вызваленні ён даў падпіску аб яўцы. Тры дні мужчына галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрымання і салідарнасці з Інай Студзінскай, якая галадала 9 дзён з патрабаваннем дапусціць да яе адваката.
За кратамі ўжо амаль месяц знаходзіцца фрылансер «Свабоды» Андрэй Кузнечык, на яго завялі крымінальную справу. Журналіст і кансультант «Радыё Свабода» Ігар Лосік ужо паўтара года ў зняволенні. Яго асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
23 снежня стала вядома, што беларускія сілавікі прызналі «Радыё Свабода» «экстрэмісцкім фарміраваннем».