Дзмітрый Ус: Бізнеса ў мяне ўжо практычна няма…
Экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус распавёў, чым ён зараз займаецца, і чаму больш не збіраецца ўдзельнічаць у выбарах.
Нагадаем, Дзмітрый Ус быў
кандыдатам у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010 г. Яго
затрымалі ў Мінску ў ноч з 19 на 20 снежня пасля масавай акцыі
пратэсту, а 26 мая 2011 года суд прызнаў Уса вінаватым у арганізацыі
масавых беспарадкаў.
Экс-кандыдат у прэзідэнты быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зняволення, але ў кастрычніку выйшаў на волю разам з іншымі палітвязнямі.
— Хутка распачнецца кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы. Сочыце за палітычным жыццём краіны?
— Калі казаць пра выбары, то мне гэта ўжо не цікава. У нас не выбіраюць, а прызначаюць, а каго можа цікавіць гульня ў адны вароты? Вось калі б сапраўды народ меў права голасу і ведаў, што яго галасы будуць падлічаны празрыста, то была б зусім іншая справа. У нас за апошнія гады інстытут выбараў настолькі дыскрэдытаваў сябе, што сітуацыя становіцца зразумелай нават бабулькам у вёсках. А мне за тое, што я агучваў гэтую пазіцыю, яшчэ і пяць з паловай гадоў турмы далі. Я ж яшчэ ў 2010 годзе казаў, што патрэбны незалежныя ўчастковыя камісіі, патрабаваў зменаў ў Выбарчым законе…
— Больш удзельнічаць у выбарчых кампаніях не будзеце?
— Як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Выбары патрэбны толькі для ўлады, а ўсе астатнія тут выконваюць другасныя ролі, якія той самай уладай і распісаны.
— А чым вы зараз займаецеся?
— Жыву за горадам спакойным жыццём — курэй вырошчваю, бульбу. Адным словам, займаюся гаспадаркай.
— А як жа ваш бізнес?
— Бізнесу ў мяне ўжо практычна няма. Эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршылася, таму прыбытак мінімальны. Як кажуць, хапае толькі на падтрыманне штаноў.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя