Эдуард Лобаў адмаўляецца ад сустрэч з адвакатам
Палітвязень піша, што няма магчымасці весці прыватную гутарку, калі ўвесь час за ім назіраюць. Акрамя таго, ёсць пэўныя праблемы з лістамі.
Эдуард Лобаў. Фота gazetaby.com
Пра гэта паведаміла маці палітычнага зняволенага Марына Лобава, якая толькі ўлетку зможа зноў убачыць сына.
— Са мной праблем няма. А вось калі пішуць сябры, то здараецца так, што ўвогуле не даходзяць—ні да яго, ні ад яго. У сустрэчы з адвакатам ён не бачыць патрэбы, бо размова практычна не можа адбыцца: з аднаго і з другога боку сядае супрацоўнік калоніі, ледзь не за стол. Таму пагаварыць з адвакатам немагчыма. Нават калі прыязджае ксёндз, яны не могуць застацца сам-на-сам. Споведзь не можа адбыцца.
Эдуард Лобаў адбывае 4 гады калоніі па абвінавачанні ў хуліганстве, нібыта здзейсненым за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Палітвязень, праваабаронцы і міжнародная супольнасць лічаць, што супраць яго была арганізавана правакацыя спецслужбаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя