ЕС абвясціў конкурс стыпендый для пацярпелых ад рэпрэсій навучэнцаў
Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus: салідарнасць з народам Беларусі» аб’яўляе конкурс заявак на атрыманне стыпендый «EU4Belarus — SALT (Support for Advanced learning and training)» для беларускіх студэнтаў і студэнтак, якія ўжо навучаюцца ва ўніверсітэтах Літвы, Латвіі, Чэхіі і Польшчы, а таксама для тых, хто паступіць у ВНУ гэтых краін у 2021/22 і ў 2022/23 навучальных гадах.
![scale_1200_144617082021.jpg scale_1200_144617082021.jpg](/img/v1/images/scale_1200_144617082021.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стыпендыя даецца на ўвесь перыяд навучання па праграме бакалаўрыята або магістратуры і складае 450 еўра ў месяц, з верасня па чэрвень. Дадаткова прадугледжана аднаразовая кампенсацыя дарожных выдаткаў, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.
На стыпендыю могуць прэтэндаваць дзейныя студэнты і студэнткі ўніверсітэтаў Літвы, Латвіі, Чэхіі і Польшчы і тыя, хто ўжо падалі дакументы на залічэнне на 2021/22 навучальны год, якія адпавядаюць аднаму з пералічаных ніжэй крытэрыяў:
— пацярпелі ад рэпрэсій падчас выбараў і пратэстаў і былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі;
— церпяць матэрыяльныя цяжкасці або не маюць дастаткова сродкаў для пражывання ў адной з чатырох названых краін;
— маюць інваліднасць.
Заяўкі прымаюцца да 6 верасня 2021 года. Больш інфармацыі і спіс неабходных дакументаў можна знайсці на сайце: http://eu4belarus.info.
«EU4Belarus: салідарнасць з народам Беларусі» — гэта пакет спецыяльных мер, прыняты Еўрапейскім Саюзам у адказ на палітычны крызіс, які разгарнуўся пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Глабальная мэта гэтых мер — садзейнічаць ўмацаванню ўстойлівасці дзеля пашырэння грамадзянскіх правоў і магчымасцей і ўстойлівага эканамічнага росту ў Беларусі. Праграма «EU4Belarus — SALT» адмініструецца «Central Project Management Agency» і рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Офісам па адукацыі кабінета Святланы Ціханоўскай.