«Ешце лыжкай па чарзе» — з пінскага ІЧУ выпусцілі сябра Руху «За Свабоду»
Умовы ўтрымання — жудасныя, прыбіральняў у камерах няма, кажа сябра Руху «За Свабоду» Ігар Салавей, які адбыў 5-суткавы арышт за акцыю ў ІЧУ Пінска.
Там жа адбывае пакаранне ў 15 сутак і гарадскі каардынатар Руху Алесь Рамановіч.
«Жудасныя умовы. Прыбіральні ў камерах не прадугледжаныя, стаіць вядро. Смурод у камеры як у прыбіральні на вакзале. У нармальную прыбіральню выводзяць раз на дзень», — распавёў сайту Pyx.by Ігар Салавей.
Часам не хапала і лыжак: у адзін дзень на камеру з шэсці чалавекам выдзялілі ўсяго тры. «Я спытаў, што я павінны есці як сабака з талеркі? На што наглядчык заявіў, што мы можам есці лыжкамі па чарзе», — дадаў Салавей.
«На пачатку мы сядзелі з Алесем Рамановічам у розных камерах, але пад час укамплектацыі перасялілі ў адну. Алесь трымаецца добра, мы жартавалі, што яшчэ зробіш у такой сітуацыі», — дадаў Ігар Салавей.
Па ягоных словах, Алесь хацеў абскардзіць прысуд, але нягледзячы на абяцанні начальніка ІЧУ, да яго так і не прыйшоў адвакат.
У камеры, дадаў актывіст Руху, было халодна, на прагулкі не вадзілі, бо «няма дворыку».
Перадачы прымаюць, але толькі ад сваякоў, пінскі актывіст распавёў сайту Pyx.by, што ў яго перадачу для Рамановіча прымаць адмовіліся.
Вольга Быкоўская, pyx.by