Фігуры тыдня: Зміцер Вінаградаў, Арцём Мілеўскі, Сяргей Сідорскі
Зміцер Вінаградаў
Зміцер Вінаградаў
Лета — пара гарачая. А тыя, каму прыроднай спёкі не хапае,
тэмпературу падымаюць штучна. Нечаканы прэцэдэнт у апазіцыйным асяродку: старшыня Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Вінаградаў падаў іск на кіраўніка гарадской суполкі Барысава Сяргея
Салаша. Падставаю для гэтага сталі запісы ў прыватным інтэрнэт-дзённіку. Вінаградаў просіць «прызнаць не адпавядаючымі сапраўднасці і ганьбячымі мой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю
звесткі» і «абавязаць Салаша Сяргея Аляксандравіча апублікаваць на тым жа сайце і тым жа шрыфтам абвяржэнне». Да таго ж адзін апазіцыянер просіць спагнаць з другога
кампенсацыю за маральную шкоду ў памеры 2 100 000 рублёў. Канфлікт паміж двума палітыкамі цягнецца ад мінулага года. У прыватнасці, Сяргей Салаш сцвярджае, што яму і яго блізкім невядомыя дасылалі
SMS-паведамленні абразлівага характару, тэлефанавалі з непрыстойным прапановамі. Салаш з падазрэннем, што гэтая справа рук Вінаградава, звярнуўся ў міліцыю, аднак вінаватых пакуль не знайшлі. Цяпер
ужо Зміцер Вінаградаў палічыў сябе пацярпелым і падаў іск са сваімі прэтэнзіямі да аднапартыйца. Сачыце за праграмаю!
Арцём Мілеўскі
Беларус Арцём Мілеўскі прызнаны найлепшым футбалістам Украіны сезона
2008/2009.
Нападаючы кіеўскага «Дынама» Арцём Мілеўскі перамог у апытанні часопіса «Футбол» і сайта footbal.ua на званне найлепшага гульца Украіны. Галоўным прэтэндэнтам на
«Залаты мяч Украіны» быў харвацкі абаронца данецкага «Шахцёра» Дарыё Срна. Арцём Мілеўскі абышоў харвата, набраўшы на 400 балаў больш. Галасаванне праводзілася ў
трэці раз. Мілеўскі тройчы заваёўваў тытул чэмпіёна Украіны, і чатыры разы Кубак Украіны, гуляе за нацыянальную зборную Украіны ад 2006 года. У вышэйшай лізе чэмпіянату Украіны за
«Дынама» Арцём Мілеўскі згуляў 97 матчаў, забіў 25 галоў. За зборную Украіны футбаліст выступаў 20 разоў, на яго рахунку два галы. У новым сезоне ўраджэнец Беларусі будзе капітанам
кіеўскага клуба «Дынама». Арцём Мілеўскі нарадзіўся ў 1985 годзе ў Мінску. У Кіеў пераехаў у 15-гадовым узросце. Дэбютаваў у вышэйшай лізе ў кіеўскім «Дынама» ў
маі 2003 года. Яшчэ да пераезду ў Кіеў Мілеўскі паспеў пагуляць за юнацкую зборную Беларусі, але потым выказаў жаданне гуляць за каманду Украіны. Кіяўляне любоўна называюць Арцёма Міля, піша газета
«Наша Ніва».
Сяргей Сідорскі
Паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трасуцца. Пасля гандлёвых войнаў з Расіяй кіраўнік
беларускага ўраду Сяргей Сідорскі знайшоў крайніх і вінаватых. Савет міністраў Беларусі распарадзіўся звольніць дырэктараў чатырох малочных заводаў і аднаго мясакамбіната. Ад займаемых пасадаў
вызваленыя дырэктары ААТ «Аршанскі малочны камбінат», «Акцябрскі завод сухога абястлушчанага малака», «Слонімскі мясакамбінат», «Слуцкі
сыраробны камбінат» і «Быхаўмалако». Афіцыйнаю падставаю для такога рашэння з’яўляецца значны рост рэшткаў гатовай прадукцыі і высокая стратнасць яе
рэалізацыі.
Савет міністраў папярэдзіў кіраўнікоў малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў пра персанальную адказнасць за рэалізацыю бізнес-планаў развіцця арганізацый, уключна з правядзеннем рэканструкцыі і
тэхнічнага пераабсталявання, выкананнем прагнозных балансаў вытворчасці і рэалізацыі малочнай прадукцыі на 2009 год і паніжэннем складскіх запасаў прадукцыі.