Facebook: Чытанне навіннай стужкі шкодзіць псіхічнаму здароўю
Даследчыкі з кампаніі Facebook Дэвід Гінзбэрг і Мойр Бурк распавялі пра ўплыў карыстання сацыяльнымі сеткамі на чалавека, у прыватнасці, на яго настрой, піша «Радыё Свабода».
Артыкул даследчыкаў апублікаваны ў блогу кампаніі.
Адно з даследаванняў, пра якія распавядаюць Гінзбэрг і Бурк, праводзілася на выпадкова выбраных студэнтах Мічыганскага ўнівэрсытэту. Першая іх група цягам 10 хвілін у дзень была абавязаная чытаць стужку навінаў Facebook, а другая — публікаваць у ёй матэрыялы і кантактаваць са знаёмымі.
Як паказаў тэст, да канца дня першая група адчувала сябе горш, чым тыя аднагодкі, якія вялі актыўныя зносіны ў сацыяльнай сетцы.
Паводле яшчэ аднаго даследавання, на якое спасылаюцца Гінзбэрг і Бурк, людзі, якія хаця б удвая часцей сярэдняга ставілі «лайкі» ў сацыяльнай сетцы, пакутуюць на вялікую колькасць псіхічных расстройстваў.
Як рэзюмавалі даследчыкп, уплыў сацыяльнай сеткі на псіхіку чалавека залежыць ад таго, якім менавіта чынам яна выкарыстоўваецца. У той час як пасіўнае чытанне навіннай стужкі можа негатыўна ўплываць на псіхічны стан чалавека, актыўныя зносіны з сябрамі могуць дапамагчы справіцца з дэпрэсіяй і стрэсам.