«Facebook» лічыць Расію галоўным распаўсюджвальнікам дэзінфармацыі
Кампанія «Facebook» апублікавала даклад, дзе сцвярджаецца, што Расія часцей за ўсё мае дачыненне да аперацый па дэзінфармацыі.
З 2017 года сацсетка выявіла на сваёй платформе дэзінфармацыйныя кампаніі больш чым у 50 краінах. Агулам у дакладзе пералічваецца 150 аперацый па дэзінфармацыі, якія кампаніі ўдалося спыніць, піша «The Washington Post».
«Facebook» падкрэслівае, што за апошнія гады такія аперацыі сталі больш вытанчанымі і дарагімі, хоць аўдыторыя для іх скарацілася. Адрозніць дэзінфармацыю ад сапраўднай палітычнай дзейнасці з кожным годам становіцца ўсё больш складана.
Часцей за ўсё кампаніі па дэзінфармацыі распачынаюць фірмы, якія займаюцца чорным піярам. Таксама ў падобных аперацыях могуць удзельнічаць палітыкі, маргінальныя групы і нават ўрады.
У 2017 годзе «Facebook» выявіў маштабную аперацыю, падчас якой расійскае «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» падвергла 126 мільёнаў карыстальнікаў палітычнай дэзінфармацыі перад выбарамі 2016 года. Пасля гэтага інцыдэнту кампанія шмат інвестуе ў службу кантролю: яна наняла больш за 10 тысяч мадэратараў кантэнту і экспертаў у гэтай галіне, а таксама стварыла алгарытмы для пошуку непажаданай інфармацыі.
Вядучымі краінамі па дэзінфармацыі ў сацсетцы сталі Расія, Іран, М’янма, ЗША і Украіна.
Ахвярамі дэзінфармацыі часцей за ўсё становяцца ЗША, Украіна, Вялікабрытанія, Лівія і Судан.
nn.by