Фатографу Уладзю Грыдзіну прысудзілі 13 сутак
Уладзя абвінавацілі ў непадпарадкаванні — падчас правядзення ператрусу ён нібыта не пускаў у кватэру міліцыянтаў.
Як паведамлялі праваабаронцы, у міліцыянтаў была з сабой пастанова на правядзенне ператрусу, выпісаная 24 студзеня. У матэрыялах справы таксама была пастанова на правядзенне ператрусу па крымінальнай справе нумар 201 21 11 02 02 (справа пра «масавыя беспарадкі», у ёй каля тысячы падазраваных).
Пра затрыманне Уладзя Грыдзіна стала вядома ўчора. «Дома няма. Машына ў двары. Дома быў ператрус — брудна, раскіданыя рэчы, сляды ад абутку», — расказала сястра фатографа.
Пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.
Нейкі час Уладзь Грыдзін супрацоўнічаў з "Радыё Св*бода". У верасні 2020 года журналіст быў затрыманы падчас выканання журналісцкіх абавязкаў і адседзеў 11 дзён на Акрэсціна.
Уладзь быў пераможцам і прызёрам конкурсу Belarus Press Photo, яго здымкі публікавалі сусветныя агенцтвы і СМІ.