Фігурант «справы антыфашыстаў» трапіў у ШІЗА за два тыдні да вызвалення

Фігурант "справы антыфашыстаў" Вадзім Бойка трапіў у штрафны ізалятар за два тыдні да вызвалення. На волю ён мусіць выйсці 16 красавіка.

ss1qgk28iuo_1.jpg


Пра гэта паведаміла грамадская актывістка Марына Касінерава. Прычына пакарання — пакуль невядома. Паводле Марыны, апошнюю пасылку вязень не атрымае, хаця яна ўжо трапіла ў калонію. 
Нагадаем, 29 чэрвеня 2014 года адбылася бойка на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава ў Мінску, а пасля невядомыя разбілі шкло ў тралейбусе і распылілі газ. Крымінальную справу распачалі паводле арт. 339 «Хуліганства», частка 2, пазней змянілі на частку 3 гэтага артыкулу. Групу грамадскіх актывістаў і футбольных фанатаў абвінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні «іншай сацыяльнай групы» — заўзятараў футбольнага клубу «Тарпеда».
У выніку шасцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зняволення: Ілля Валавік — 10 гадоў пазбаўлення волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады, Дзмітры Ціхановіч — 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.
Падчас знаходжання за кратамі Вадзім Бойка неаднаразова трапляў у ШІЗА за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.