Фігуры тыдня: Алег Волчак, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Шамко
Алег Волчак
Да праваабаронцы Алега Волчака падатковая інспекцыя прад’яўляе прэтэнзіі. Кіраўнік грамадскага аб’яднання «Прававая дапамога насельніцтву», зарэгістраванага ва
Украіне, Алег Волчак павінен падаць дэкларацыю аб даходах і маёмасці за дзесяць гадоў. З такім патрабаваннем да яго звярнуліся з інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Фрунзенскім раёне
Мінска, — піша інфармацыйны рэсурс naviny.by.
«Каб выканаць гэтае патрабаванне, у мяне практычна не было часу, — адзначае праваабаронца. — Справа ў тым, што дадзенае патрабаванне, датаванае 27 верасня, было
накіравана па пошце з паведамленнем. У ім згадвалася, што я абавязаны даць справаздачу аб даходах за 2002–2011 гады не пазней за 25 кастрычніка 2012 года. Аднак ліст быў накіраваны на адрас,
дзе я не жыву, і таму я яго, можна сказаць, выпадкова атрымаў толькі ў сярэдзіне кастрычніка. Не магу сцвярджаць, што гэта было зроблена наўмысна, але ў мяне няма ніякага сумнення ў тым, што
падатковая інспекцыя ў дадзеным выпадку выкарыстоўваецца як інструмент ціску на мяне за маю праваабарончую дзейнасць».
Даручэнне «ўзмацніць падатковы кантроль за прыбыткамі прафесійных апазіцыянераў, якія жывуць за кошт сродкаў замежнага паходжання», даў Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка 2008 года
падчас адказаў на пытанні дэпутатаў пасля звароту прэзідэнта да народа і парламента. З гэтага часу праваабаронцаў і прадстаўнікоў дэмакратычных партый сталі масава выклікаць у падатковыя
органы.
Зміцер Дашкевіч
Палітвязень, лідар міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Дзмітрый Дашкевіч працягне адбываць пакаранне ў крытай турме, паведамляе БелаПАН. Такое рашэнне прыняў 30
кастрычніка мазырскі суд на выязным пасяджэнні ў папраўчай калоніі №20 горада Мазыра (Гомельская вобласць), дзе цяпер утрымліваецца апазіцыйны палітык.
У якую з турмаў будзе этапаваны Дашкевіч, пакуль невядома. Верагодна, гэта можа быць турма ў Жодзіне альбо ў Гародні, дзе вязень будзе знаходзіцца да канца тэрміну (канец жніўня 2013 года). Крытая
турма прадугледжвае больш жорсткія правілы ўтрымання вязняў.
Узмацненне жорсткасці ўмоў утрымання Дашкевіча сведчыць пра тое, што ўлады працягваюць ціск на лідара «Маладога фронту», мяркуе намесніца Дашкевіча Наста Палажанка. Яна адзначае,
што гэта яшчэ больш ізалюе палітыка ад знешняга свету.
Аляксандр Шамко
Міністрам спорту прызначаны Аляксандр Шамко. Былы кіраўнік Памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі будзе віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Лукашэнка адзначыў, што Аляксандр Шамко — чалавек у спорце не выпадковы. У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях ён курыраваў зборную каманду па пажарна-ратавальным спорце, якая чатыры разы
станавілася чэмпіёнам свету (найбольшая колькасць перамог прадстаўнікоў адной краіны ў гісторыі гэтага віду спорту).
Былы кіраўнік Памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі звольнены з былой пасады і цяпер узначальвае Беларускую федэрацыю паруснага спорту, ён добра валодае пытаннямі развіцця спорту.
Лукашэнка запатрабаваў ад новапрызначаных асобаў без прамаруджання прыступіць да працы. Папярэдняга міністра спорту Алега Качана Лукашэнка адправіў у адстаўку пасля невыканання плану па алімпійскіх
медалях. А на Алімпійскім сходзе прад’явіў да Качана прэтэнзіі ў нямэтавым выкарыстанні дзяржаўных сродкаў: «Раскажыце, Алег Леанідавіч, якія ж прычыны прывялі да такой катастрофы ў
перыяд вашага кіравання, — цытуе словы Лукашэнкі да экс-міністра спорту Алега Качана газета «Прэсбол». — Усё можаце расказваць: пра асабнякі, якія вы будуеце за
кошт спартыўнай галіны, дарэчы, з памочнікам, можа, з адным, з другім віцэ-прэзідэнтам. Усё расказвайце! Нашым людзям цікава будзе паслухаць».