Фігуры тыдня: Сяргей Будкін, Таццяна Шаракова, Сяргей Дарафееў
Сяргей Будкін
Ідэйны арганізатар інтэрнэт-рэсурсу пра беларускую музыку «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін у супрацы з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» запусціў новы праект
«Тузін. Немаўля».
У новым будынку Падляскай оперы і філармоніі ў польскім Беластоку адбылася міжнародная прэм’ера ўнікальнага праекту «Тузін. Немаўля».
Праект па злучэнні класікі беларускай кінематаграфіі з музыкай сучасных выканаўцаў быў задуманы інтэрнэт-парталам Tuzin.fm. Праца над ім вялася некалькі гадоў, і першы вынік быў прадэманстраваны на
адкрыцці новага будынку Падляскай оперы і філармоніі 19 і 20 кастрычніка. Для міжнароднай прэм’еры былі абраныя дзве стужкі — «Кастусь Каліноўскі» 1927 года
вытворчасці і «У агні народжаная» 1929 года, да якіх узяліся напісаць музыку, адпаведна, Сяргей Пукст і гурт «Re1ikt».
«У агні народжаная» — шэдэўр авангарднага кіно, першы фільм славутага рэжысёра Уладзімера Корш-Сабліна. Музыкі з гурта «Re1ikt» называюць гэтую стужку
«сапраўдным фільмам жахаў». «Нам сапраўды было вусцішна падчас прагляду, бо там вельмі шмат момантаў, якія не могуць пакінуць абыякавым. І сёння гэтая праца выклікае,
пэўна, адваротныя эмоцыі, чым пры канцы 20-х гадоў. Сваё ўспрыняцце тых падзеяў мы і спрабавалі перадаць праз сваю музыку», — кажа адзін са стваральнікаў арыгінальнага саўндтрэку да
фільма Аляксандр Дземідзенка.
Таццяна Шаракова
Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі (НАДА) прапануе абмежавацца вымовай велагоншчыцы Таццяне Шараковай, якая будзе пазбаўленая двух медалёў чэмпіянату Еўропы па велатрэку 2012 года пасля
выяўлення ў яе допінг-пробе забароненага прэпарата.
Допінг-тэст, праведзены 21 кастрычніка падчас чэмпіянату Еўропы па велатрэку ў літоўскім Панявежы, выявіў у арганізме Таццяны Шараковай прэпарат туамінагептан, які, паводле класіфікацыі Сусветнага
антыдопінгавага кодэкса, адносіцца да групы забароненых стымулятараў.
Пасля атрымання навіны аб выяўленні туамінагептана Таццяна Шаракова нават не стала патрабаваць адкрыцця пробы «В». З тлумачэнняў беларускай велагоншчыцы вынікае, што забароненае
рэчыва апынулася ў яе арганізме па няведанні і без злога намеру, з прычыны выкарыстання назальнага спрэю, калі ў спартсменкі быў насмарк. А ў склад лекаў уваходзіць акурат забаронены для спартоўцаў
прэпарат. Прычым, па правілах Сусветнага антыдопінгавага кодэкса, яго ўжыванне забаронена толькі падчас спаборніцтваў.
На пасяджэнні дысцыплінарнай камісіі НАДА было прынята рашэнне рэкамендаваць Міжнароднаму саюзу веласіпедыстаў і Сусветнаму антыдопінгаваму агенцтву (ВАДА) абмежавацца вымовай для Таццяны Шараковай.
Тым не менш, нельга выключаць, што спартсменка можа быць падвергнутая дыскваліфікацыі. Таксама будзе рэкамендацыя вынесці пакаранне лекару нацыянальнай каманды Беларусі па веласпорце, які дапусціў
прыняцце спартсменкай лекавага прэпарата, што змяшчае рэчыва, забароненае ВАДА.
Сяргей Дарафееў
Ва Украіне назвалі лепшыя тэлевізійныя праекты і вядучых, якія перамаглі ў XII прэміі «Тэлетрыумф–2012».
У намінацыях былі прадстаўлены тэлесерыялы, тэлеперадачы, іх вядучыя, акцёры, ток-шоў, а таксама людзі, якія заўсёды застаюцца за кадрам, але тым не менш прыкладаюць нямала намаганняў, каб
тэлепрадукт выйшаў якасным, — рэжысёры, прадзюсеры і дызайнеры.
Сяргей Дарафееў з яго праграмай «Партрэты з Сяргеем Дарафеевым» на 5-м канале стаў лепшым інтэрв’юерам.
Журналіст адзначыў, што парады і заўвагі беларускіх тэлегледачоў дапамаглі яму дамагчыся поспеху ва Украіне.
«Статуэткі і рэйтынгі — гэта атрыбуты публічнасці. Па-мужчынску, для задавальнення сваіх амбіцый, яны, вядома, важныя. Але значна важней атрыманыя веды, вопыт, меркаванне гледачоў і
калегаў. За свае ўкраінскія поспехі хачу падзякаваць і беларускім гледачам, якія сваімі парадамі і заўвагамі дапамагалі мне прафесійна расці», — цытуе Дарафеева
«Комсомольская правда в Белоруссии».
Сяргей Дарафееў — беларускі журналіст. Працаваў на ОНТ, вёў ток-шоў «Выбар». Быў звольнены пасля 19 снежня 2010 года, калі ў ноч пасля выбараў задаў у прамым эфіры
кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай некалькі непрыемных пытанняў.