Фільм блогера NEXTA пра Лукашэнку набраў больш за 700 тысяч праглядаў
Кінастужка "Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы" журналіста і блогера Сцяпана Святлова, вядомага пад псеўданімам NEXTA, атрымала за тры дні больш за 700 тысяч праглядаў на Yotube. У трэндах на Yotube па Беларусі ён зараз №1, паведамляе «Еўрарадыё».
![Кадр з фільма Кадр з фільма](/img/v1/images/kino_2810.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадр з фільма
"У фільме падрабязна распавядаецца пра тое, як Лукашэнка скраў у нас краіну, мары, свабоду, будучыню і 25 гадоў жыцця. Шмат хто пра гэта і так даўно ведае, але з цягам часу, натуральна, пачынае забываць. Таму фільм мае, у першую чаргу, асвяжыць памяць, але ў той жа час матываваць людзей, не даць зажурыцца ад таго, што адбывалася і адбываецца", — патлумачыў аўтар у каментары тэлеканалу "Белсат".
Святлоў кажа, што яго фільм арыентаваны на розныя пакаленні. Ён спадзяецца, што стужку пабачаць і тыя, "хто зараз любым чынам дапамагае Лукашэнку пазбавіцца статусу апошняга дыктатара Еўропы, зрабіць з сябе міратворца, адзінага гаранта стабільнасці і міру ў рэгіёне".
У фільме расказваецца пра першыя прэзідэнцкія выбары 1994 года, сям’ю кіраўніка Беларусі, мітынг на плошчы Незалежнасці ў 2010 годзе, выбух у метро і спробы запусціць акумулятарны завод у Брэсце. Згадваюцца там і недарэчныя выказванні Лукашэнкі кшталту "вершаў Васіля Быкава" і "падарунка Ілана Маска".
euroradio.fm