Фядыніч не выключае, што «справу прафсаюзаў» працягнуць

Старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) не выключае, што расследаванне распачатай у дачыненні да яго, а таксама бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка, крымінальнай справы будзе працягнутае.

fjadynicz.jpg


"З улікам таго што пашырылася кола асоб, якіх выклікаюць на допыты ў якасці сведак, узнікае пачуццё, што ў лютым расследаванне не завершыцца і зноў будзе працягнутае", — заявіў БелаПАН Фядыніч.
На яго думку, на карысць такой версіі кажа і той факт, што следчую групу па гэтай крымінальнай справе нядаўна павялічылі.

Фядыніч паведаміў, што апошні раз сустракаўся са следчым 12 студзеня. „Мяне азнаёмілі з рашэннем аб тым, што накладваюць арышт на аўтамабіль маёй жонкі, праз паўгода яны пра яго згадалі”, — адзначыў кіраўнік прафсаюза РЭП.

Фядыніч і Комлік праходзяць як падазроныя па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) КК, іх абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Справу профактывіста, распачатую Камітэтам дзяржкантролю ў жніўні 2017 года, вядзе Следчы камітэт.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай, у якой заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка. Справу ў дачыненні да кіраўніцтва РЭП праваабаронцы параўноўваюць са справай кіраўніка закрытага ўладамі ў 2003 годзе цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, якая была распачатая ў 2011 годзе.

Нагадаем, 2 жніўня 2017 года супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік змешчаны спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.

У снежні мінулага года стала вядома, што тэрмін расследавання справы прадоўжаны на два месяцы — да 2 лютага 2018 года.

Паводле www.racyja.com