Фотафакт: у Марачоўшчыне адкрылі помнік Касцюшку
Урачыстая цырымонія пачалася сёння а 12 гадзіне, паведамляе «Радыё Свабода».
12 траўня а 12-ай гадзіне на тэрыторыі мемарыяльнага музэя-сядзібы Касьцюшкі каля Косава на Берасцейшчыне адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку.
Збор сродкаў на ўсталяванне помніка Касцюшку быў ініцыяваны журналістам Глебам Лабадзенкам. Праект падтрымалі 690 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць захоўвацца ў музеі.
Помнік быў адліты ва Украіне паводле праекту беларускага скульптара Геніка Лойкі.
Тадэвуш Касцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстання 1794 году. Нарадзіўся 4 лютага 1746 году, памёр 15 кастрычніка 1817 году. Лічыцца адным з самых вядомых у свеце беларусаў.
Помнікі яму стаяць у Варшаве, Кракаве, Лодзі, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце. Усяго па ўсім сьвеце — болей за 200 вялікіх і малых формаў. У ягоны гонар названыя самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна, політэхнічны ўнівэрсытэт у Кракаве, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі розных краінаў свету.
У Беларусі дагэтуль не было ніводнага помніка Касцюшку, калі не лічыць бюсты на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радавая сядзіба.