Фотафакт: У Полацку аднаўляюць помнік літары «Ў»

1 верасня жыхары і госці Полацка павінны ўбачыць новы помнік літары «Ў», пра гэта паведаміў мясцовы краязнаўца Андрэй Бухавецкі.

litara_w_memorial_polotsk_01_600x420.jpg


Мяркуючы па прадстаўленым здымкам, помнік, а ў прыватнасці — стэла, будзе значна адрознівацца ад першапачатковага. Так, цяпер цытата Рыгора Барадуліна «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет» перанесеная з круглай пліты пастамента на адну з граней прызмы стэлы. Вельмі цікавым рашэннем выглядае тое, што ў літару «С» у слове «свет» ўпісаны сігнет Францыска Скарыны — антрапаморфныя сонца і месяц, якія перакрываюць адзін аднаго. Таксама цяпер на помніку з’явілася пазначэнне аўтара цытуемых радкоў.

litara_w_memorial_polotsk_02_600x450.jpg


На другой грані прызмы, якую раней поўнасцю займала стылізаваная літара «Ў», зараз змешчаная паменшаная выява гэтай літары курсівам, а таксама шэраг слоў, якія яе ўтрымліваюць, напрыклад: Браслаў, кіроўца, настаўнік, дзеяслоў і г. д. Усе гэтыя словы выкананыя рознымі шрыфтамі. Алфавіт, як і на першапачатковым помніку, застаўся, але цяпер ён затушаваны і адыходзіць на другі план.

litara_w_memorial_polotsk_03_600x450.jpg


Аўтарам праекта рэканструкцыя помніка літары «Ў», згодна пашпарта аб’екта, з’яўляецца Ігар Куржалаў. Падраднай арганізацыяй выступае ЖКГ Полацка.

litara_w_memorial_polotsk_04_450x600.jpg


Нагадаем, што помнік літары «Ў» у Полацку быў адкрыты ў 2003 годзе пад час свята беларускага пісьменства. Першапачатковая ідэя помніка належыць беларускаму каліграфу прафесару Паўлу Семчанка, а яго аўтар — беларускі скульптар Аляксандр Фінскі. У 2014 годзе помнік быў пашкоджаны, пры гэтым камісія Полацкага райвыканкама прыйшла да высновы, што гэта адбылося натуральным чынам.
Паводле news.vitebsk.cc