Фотакор «Новага Часу» Яна Трусіла едзе дахаты пасля 15 сутак арышту

Пра гэта рэдакцыі НЧ паведаміла мама Яны.

photo_2020_11_02_11_12_03__2__1_1_logo_1.jpg


«Усё добра, едзе дахаты», — каротка пракаментавала мама Яны Трусіла.
Яна чакае дачку дома.
Пазаштатную фотакарэспандэнтку НЧ 20-гадовую Яну Трусіла затрымалі 29 лістапада ў Мінску каля 15:40 у дварах ля дома па вуліцы Прытыцкага, 72. падчас дваравога маршу. Як паведамілі відавочцы, за ёй гналіся блізу чатырох чалавек у аліўкавай форме, бо журналістка, верагодна, здымала спецтэхніку. Дзяўчыну даставілі ў Ленінскае РУУС, адкуль ёй дазволілі патэлефанаваць маці.
30 лістапада Яне прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 23.34. Прысуд вынесла суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Шут. Ноч да суда наша фотакор правяла ў ЦІП на Акрэсціна.
Гэта быў ужо другі арышт Яны Трусіла. Першы раз яе затрымалі падчас марша ў Курапаты 1 лістапада і прысудзілі 13 сутак. Іх Яна адбывала спачатку на Акрэсціна, потым, у дзень перадач, яе разам з іншымі вязнямі вывезлі ў СІЗА ў Баранавічы. Тое ж самае паўтарылася і ў гэты раз.