Глыбокае. Масты. Азёры. Баранавічы. Бярозаўка. Астравец.

Глыбокае. “Гульня ў гарады

Глыбокае. “Гульня ў гарады
17 студзеня ў кавярні “Лаліта па-сяброўску сабралася каля 20 чалавек. За кубкам кавы яны абмяркоўвалі змест новай кнігі “Гульня ў гарады. Госці — аўтары кнігі Таццяна Вадалажская, Леанід Каліценя, Аксана Шэлест — прадставілі нетрадыцыйны метад даследавання і яго вынікі. Кніга памерам у 218 старонак стала своеасаблівым даведнікам па асобных гарадах Беларусі. Асаблівую цікавасць уяўляе раздзел, прысвечаны асэнсаванню працэсаў, якія адбываюцца ў малых гарадах, і спроба знайсці адметнасці кожнага з іх. Сярод матэрыялаў — раздзел і старонка фотаздымкаў, прысвечаных Глыбокаму. Часам першай згадкі мястэчка ўжо і на афіцыйным узроўні прызналі 1414 год. І хоць дакументаў на гэты конт не знойдзена, але маральна рыхтуюць гараджан да святкавання 600-годдзя горада. Аўтары падаравалі асобнік кнігі “Гульня ў гарады раённай бібліятэцы, дзе кожны жадаючы можа з ёй пазнаёміцца.
Масты. Дэпутат за эканомію
Дэпутат райсавета Дзмітрый Кухлей прапанаваў прыняць на наступнай сесіі Праграму энергазберажэння ў раёне. У ёй надаецца ўвага скарачэнню спажывання энергіі з боку насельніцтва за кошт аптымізацыі і ўдасканалення выкарыстання існуючых энергасістэм у раёне, а таксама актывізацыі прапагандысцкай працы сярод грамадзян па энергазберажэнню. Кантроль за выкананнем праграмы павінна ажыццяўляць камісія па энергазберажэнню, якую дэпутат прапанаваў стварыць у раённым Савеце дэпутатаў.
У выпадку прыняцця мерапрыемстваў, прапанаваных у праграме, спажыванне электраэнергіі грамадзянамі, як лічаць спецыялісты, павінна скараціцца на 5–7 працэнтаў. Адпаведна, зменшацца выдаткі грамадзян на аплату камунальных паслуг.
Азёры. Звяры азвярэлі
Хатняя жыўнасць гэтага пасёлка стала пастаяннай ахвярай звычайных норак, гадоўляй якіх займаецца размешчанае тут прадпрыемства “Гродзенская зверагаспадарка. У рабочых нізкі заробак, кепскія ўмовы працы, таму яны і абыякава даглядаюць жывёлу. Норкі галадаюць і скарыстоўваюць усё магчымае, каб вырвацца на волю — збегчы за тэрыторыю гаспадаркі. І гэта ім часам удаецца. Некаторы час таму норкі пагрызлі хатнюю кошку Кірыла Семянчука. Праз некалькі дзён расправіліся з трыма курыцамі і двума гусямі сям’і Рачкоўскіх.
Баранавічы. Праект з працягам
Сольны канцэрт хіп-хоп праекта “Эксклюзіў, які адбыўся ў мясцовым “Доме школьніка яшчэ летам мінулага года, займеў свой лагічны працяг: на пачатку 2010-га быў выпушчаны канцэртны дыск. Зараз група “Эксклюзіў рыхтуе турнэ па Беларусі. У планах — наведванне абласных цэнтраў рэспублікі.
Бярозаўка. Сустрэча з пісьменнікам
Адбылася творчая сустрэча гараджан з вядомым беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым, аўтарам шматлікіх твораў пра гісторыю Беларусі. Прыхільнікі таленту Арлова мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з яго апошнімі напрацоўкамі ды набыць кнігі, але пачулі з вуснаў пісьменніка яго меркаванні пра нашу гісторыю, старадаўнюю культуру, стан беларускай літаратуры сёння і шмат яшчэ пра што іншае. Сустрэча была цікавай і змястоўнай, пра што сведчаць шматлікія пытанні чытачоў да выступоўца.
Астравец. Судзяць актывіста
18 студзеня ў раённым судзе было праведзена папярэдняе судовае слуханне, на якім у парадку рэгрэcу разглядаўся іск Беларускага бюро па транспартным страхаванні, прад’яўлены мясцоваму антыядзернаму актывісту Мікалаю Уласевічу пра пакрыццё шкоды, прычыненай у выніку ДТЗ, якое адбылося 11 верасня 2009 года. Нагадаем, тады з машынай Уласевіча сутыкнулася машына, якая належыць Астравецкаму раённаму аддзяленню КДБ. Як адзначае Уласевіч, позву ў суд ён атрымаў за два дні да слуханняў. Падчас пасяджэння былі заслуханыя пазіцыі бакоў і дазволены шэраг хадайніцтваў. Суд, у прыватнасці, задаволіў хадайніцтва Уласевіча пра далучэнне да матэрыялаў справы і разгляд у судзе падрыхтаваных ім пярэчанняў супраць іску. Наступнае слуханне прызначана на 29 студзеня. Уласевіч катэгарычна не прызнае сваю віну ў ДТЗ і прапануе, каб у якасці сведкі быў апытаны начальнік Астравецкага раённага аддзялення КДБ С. Шмурэй, ці, як ён лічыць, Астравецкае раённае аддзяленне КДБ можа быць прыцягнута да суда ў якасці трэцяй асобы.