Глыбокае. Свіслач. Бярозаўка

ГЛЫБОКАЕ

Прыхільнікі рэгіянальнай газеты “Вольнае Глыбокае падалі ў райвыканкам заяўку на правядзенне пікетаў.

ГЛЫБОКАЕ
Прыхільнікі рэгіянальнай газеты “Вольнае Глыбокае падалі ў райвыканкам заяўку на правядзенне пікетаў.
Пікеты чытачы збіраліся ладзіць у падтрымку выдання, якое яны не могуць набываць у шапіках “Белсаюздруку і атрымліваць па падпісцы праз “Белпошту. Але ў правядзенні мерапрыемстваў было адмоўлена. Адзінае, што крыху суцешыла рэдактара газеты Яраслава Берніковіча, дык гэта адказ чыноўнікаў: “Я гадоў сем пішу розныя звароты і заявы ў выканкам. Сёння ўпершыню атрымаў адказ па-беларуску. Хоць з арфаграфічнымі памылкамі, але па-беларуску! Нават чытаць прыемна!


СВІСЛАЧ
Раённыя ўлады прынялі рашэнне пра пабудову помніка ў гонар загінулых воінаў-афганцаў.
Ён будзе размешчаны на алеі Герояў, дзе знаходзяцца помнікі Сталіну, Леніну, Траўгуду (герою вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў), воінам-вызваліцелям другой сусветнай вайны, а таксама Кастусю Каліноўскаму. Помнік Каліноўскаму, які, дарэчы, быў пастаўлены ў 2000 годзе, амаль адразу пачаў рушыцца. У мінулым годзе камунальныя службы горада яго знялі і паабяцалі грамадскасці ўсталяваць новы. Аднак неўзабаве быў разбураны пастамент, і гараджанам стала вядома, што на месцы помніка Каліноўскаму паўстане помнік воінам-афганцам.


БЯРОЗАЎКА
Працаўнікоў мясцовага шклозавода прымусілі даваць адбіткі пальцаў.
Гэта прадпрыемства з’яўляецца горадаўтваральным, таму мала хто рызыкнуў пайсці супраць адміністрацыі і адмовіцца ад гэтай працэдуры. Іншую працу ў Бярозаўцы знайсці практычна немагчыма. Але некалькі смелых усё ж знайшлося, яны згадзіліся пакінуць свае адбіткі толькі пасля таго, як гэта зробіць сам дырэктар прадпрыемства.