Гомель. Душаць грамадзянскую супольнасць

За апошнія некалькі дзён мясцовыя ўлады канфіскоўвалі ўлёткі, а таксама спрабавалі сарваць два публічныя мерапрыемствы. 30 студзеня ў абласным цэнтры быў затрыманы Мікалай Сяргееў, гомельскі дэмакратычны актывіст, які супрацоўнічае з ГІ "Гомельскі дэмакратычны форум". У актывіста канфіскаваныя 3000 асобнікаў інфармацыйнай улёткі кампаніі "Ведаю!", якая была прысвечана праблеме будаўніцтва беларускай АЭС. Сяргееў адпушчаны з міліцыі без складання пратаколу, друкаваная прадукцыя канфіскавана.

За апошнія некалькі дзён мясцовыя ўлады канфіскоўвалі ўлёткі, а таксама спрабавалі сарваць два публічныя мерапрыемствы.

30 студзеня ў абласным цэнтры быў затрыманы Мікалай Сяргееў, гомельскі дэмакратычны актывіст, які супрацоўнічае з ГІ "Гомельскі дэмакратычны форум". У актывіста канфіскаваныя 3000 асобнікаў інфармацыйнай улёткі кампаніі "Ведаю!", якая была прысвечана праблеме будаўніцтва беларускай АЭС.

Сяргееў адпушчаны з міліцыі без складання пратаколу, друкаваная прадукцыя канфіскавана.

Некалькімі днямі раней рэгіянальныя актывісты Руху “За Свабоду і ГІ "Гомельскі дэмакратычны форум" арганізоўвалі для гамяльчан сустрэчу з палітолагам, філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам. Сустрэча ў выніку адбылася, і наведалі яе больш 50 чалавек. Аднак пры арганізацыі мерапрыемства таксама здарыліся сур’ёзныя праблемы.

“У апошні момант, у пятніцу пасля абеду, адміністрацыя гасцініцы, дзе ў нас было замоўлена памяшканне, адмовіла нам у правядзенні мерапрыемства, патлумачыўшы гэта тым, што ім патэлефанавалі", — распавяла актывіст ГДФ Дар’я Суворава.

Месца правядзення сустрэчы давялося мяняць у экстраным парадку. На шчасце, спецслужбы не паспелі адрэагаваць на аператыўнасць дэмакратаў. А можа, сваю ролю адыграў і той факт, што сустрэчу ў выніку перанеслі ў памяшканне прыватнай формы ўласнасці.

Дарэчы, усяго пару тыдняў таму ў Гомелі здарыўся скандал, звязаны з правядзеннем рэгіянальнай канферэнцыі "Дзелавы інтэрнэт", якую ладзілі партал TUT.by сумесна з інтэрнэт-правайдэрам "АтлантТелеком". У апошні момант арганізатары прыбралі з праграмы выступ гомельскага рэгіянальнага каардынатара Руху "За Свабоду", заснавальніка абласной інтэрнэт-газеты "Моцныя навіны" Пятра Кузняцова, які першапачаткова быў запланаваны. Па словах арганізатараў, улады паставілі іх перад дылемай: або выступ Кузняцова выкрэсліваецца з праграмы, або канферэнцыя не атрымае памяшкання.

Паводле сайта "Моцныя навіны"