Гродзенскія перашкоды
Выканкамы Гродзенскай вобласці забаранілі праводзіць сходы па вылучэнню дэлегатаў на Беларускі еўрапейскі форум.
Выканкамы Гродзенскай вобласці забаранілі праводзіць сходы па вылучэнню дэлегатаў на Беларускі еўрапейскі форум.
У Бярозаўцы, Слоніме, Ваўкавыску, Зэльве, Шчучыне і Мастах актывісты праваабарончага грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду» мелі намер адкрыта і афіцыйна
правесці сходы па вылучэнню дэлегатаў, але ж мясцовыя выканкамы забаранілі праводзіць гэтыя мерапрыемствы, матывуючы адмовы самымі рознымі прычынамі. Звычайныя адпіскі: «Ва ўказаных Вамі
памяшканнях будуць адбывацца мерапрыемствы згодна з планамі ўстановаў», ці «Прадставіць для правядзення мерапрыемства залу пасяджэнняў Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў не
ўяўляецца магчымым». У Мастах адмаўлялі ў афіцыйным правядзенні мерапрыемства 4 разы на працягу 3 месяцаў, у Шчучыне 2 разы.
У выніку на Гродзеншчыне адбылося 6 сходаў, яшчэ 3 маюць адбыцца ў бліжэйшы час. Мясцовую ўладу задавальняе, што гэтыя грамадскія мерапрыемствы праводзяцца не ў афіцыйных памяшканнях, такім чынам
чыноўнікі пазбаўляюць жыхароў вобласці права публічна падтрымаць ідэю еўрапейскай будучыні Беларусі і адкрыта прадэманстраваць грамадству сваю падтрымку.
Еўрапейская ідэя аб’яднала 27 еўрапейскіх краінаў, што разам будуюць свой агульны дом. Беларускі еўрапейскі форум адбудзецца 14 лістапада ў Мінску. Яго мэта — садзейнічаць дыялогу
Беларусі з Еўрасаюзам і ўзмацніць еўрапейскі вектар развіцця краіны. Ініцыятарамі правядзення форума і заснавальнікамі аргкамітэта выступілі Рух «За Свабоду», Партыя свабоды і
прагрэсу, «Маладая Беларусь», «Правы альянс» і іншыя дэмакратычныя арганізацыі. Старшынёй аргкамітэта па правядзенні форума абраны Аляксандр Мілінкевіч.
Алесь Зарэмбюк