Хай на нябёсах ёй будзе спакойна

Мая калега-праваабаронца з Салігорска Яна Палякова сваё жыццё прысвяціла змаганню за справядлівасць. Яна Палякова заўсёды прыходзіла на дапамогу тым, каго ўлада імкнулася не заўважыць, раздавіць, прынізіць. Яна была рэгіянальным прадстаўніком грамадскага аб’яднання «Прававая дапамога насельніцтву».



c26820b8a4c1b3c2aa868d6d57e14a79.jpg

Мая калега-праваабаронца з Салігорска Яна Палякова сваё жыццё прысвяціла змаганню за справядлівасць. Яна Палякова заўсёды прыходзіла на дапамогу тым, каго ўлада імкнулася не заўважыць, раздавіць, прынізіць. Яна была рэгіянальным прадстаўніком грамадскага аб’яднання «Прававая дапамога насельніцтву».
Яна Палякова дапамагла многім жыхарам Салігорска выйграць суды, абараніць свае правы перад чыноўнікамі. Здараліся нават выпадкі, калі дзякуючы кампетэнтным дзеянням Яны былі пакараныя службовыя асобы горада. Яна ўдзельнічала ва ўсіх палітычных акцыях, якія адбываліся ў Салігорску.
Здавалася б, грамадская актыўнасць павінна толькі вітацца, але не ў нас — да Яны ўсё часцей пачалі чапляцца праваахоўныя органы. Уся магутнасць сілавых структур была кінутая на адзінокую жанчыну, якая папросту спрабавала абараняць незаможных грамадзян.
І раптам заявы і скаргі Яны на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі звернуты супраць яе ж. Яну абвінавацілі ў паклёпе на ўчастковага інспектара Пугачова. Суддзя Бураўцоў імкнуўся як мага хутчэй скончыць справу і вынес прысуд — два з паловай гады абмежавання волі.
Пасля вынясення прысуду Яна ўсім сказала, што ў турму не пойдзе. І скончыла жыццё самагубствам... Вось так трагічна абарвалася жыццё праваабаронцы Яны Паляковай. Вельмі цяжка ўсведамляць, што чалавека няма з намі. Яна сышла і дала ўсім нам зразумець, што нельга так ненавідзець людзей, нельга знішчаць іх толькі за тое, што яны думаюць па-іншаму.
Яна пахавана ў Салігорску. Светлая ёй памяць. І хай на нябёсах ёй будзе спакойна.
Алег Волчак, кіраўнік праваабарончага цэнтра
«Прававая дапамога насельніцтву» (Украіна — Беларусь)