Галасуйце за беларушчыну рублём!

Часам даводзіцца чуць: «Я душою й сэрцам за Беларушчыну! Толькі вось, бяда, ня ведаю, як і што зрабіць…» Парада тут вельмі простая. Калі ня ведаеце, як галасаваць за Беларушчыну, – галасуйце рублём.



mova.jpg

Набудзьце беларускамоўную кніжку, дыск са сьпевамі па-беларуску, схадзіце на канцэрт беларускамоўнага гурта ці выпішыце газэту на беларускай мове. Падкрэсьлю, што адрозненне між «беларускай кнігай» і «беларускамоўнай кнігай» – у дадзеным выпадку ключавое.
На гэтым этапе звычайна нявечыцца міф пра нашую памяркоўнасьць, бо «кніжка лажовая», «дыск фуфло»,  «гурт адстойны», а «газэта – жоўтая».
Часта так і здараецца. А вы вазьміце й набудзьце.
Плюнь – ды пацалуй.
Сітуацыя на беларускім культурным рынку падобная да сітуацыі з прыдарожным сэрвісам. Прыдарожных кавярняў і матэляў мала, бо ніхто да нас ня едзе, а ніхто ня едзе – бо няма кавярняў і гатэляў. (Ці ўсё ж таму, што візы да глупага дарагія?..)
Дык вось. Беларушчына ў задніцы таму, што мы, беларусы, не галасуем за яе рублём. Сёньняшні стан культуры вымагае мецэнацтва – як з боку фундатараў, гэтак і з боку кожнага спажыўца. Бо гэта сорам, калі кніжкі выходзяць накладам 300-500 асобнікаў і ляжаць на паліцах кнігарняў. Калі гурт гадамі не запісвае дыск, бо ведае: укінеш грошы – а набываць ня будуць, сьцягнуць з торэнтаў. Калі газэты маюць наклады ў межах астранамічнай хібнасьці... Ды што казаць – калі самыя папулярныя белмоўныя сайты наведвае меней за 1% беларусаў штодня.
Вядома, тут можна ў няведаньні гаварыць: дык пішуць абы-што, таму й не купляюць тыя кніжкі. Але ці хочаце вы такімі развагамі прыпадабніцца чалавеку, якому ніяк не кладуць на стол “Вайну і мір”?..
Дый каб так сказаць, трэба скупіць усю сучасную літаратуру ды перачытаць. А калі кожны скупіць – глядзіш, і працэс пойдзе. Тым больш, што пісьменнікі стараюцца спадабацца самым шырокім масам як толькі могуць: і класікаў бэсцяць, і па фене батаюць, і пра рэаліі ўскраінаў горада-героя пішуць з палохаючай рэалістычнасьцю…
Тэму галасаваньня рублём, прычым неабавязкова з шасьцю нулямі, можна разьвіваць. Як пісала адна газэта ў сваёй рэкламцы: «прачытаў – укінь у скрыню суседу». Гэтаксама можна заўжды мець пры сабе якую беларускую кніжачку ці дыск – і пры нагодзе прэзэнтаваць сустрэчнаму. Майстру на шынамантажы, прыўкраснай цырульніцы, сакратарцы ў офісе, даішніку ўрэшце (толькі акуратна, каб не ўважылі за хабар!).
Хто ведае, можа, гэты ваш сімвалічны прэзэнт нагадае чалавеку ўрокі белліту ў школе ці «Александрыну» «Песьняроў», рэкляму на бігбордзе ці які артыкул у інтэрнэце. І чалавек прыдзе на вечарыну Ўладзімера Арлова, выпіша абедзьве беларускія газэты, набудзе дыск Вайцюшкевіча й нацягне на сябе саколку з партрэтам Кастуся...
Рамантыка? Бздура?
А вы набудзьце беларускую кніжку.
Вам жа ня цяжка, праўда?
Глеб Лабадзенка, naviny.by