Галоўная параза афіцыйнага Мінска на Алімпіядзе
Гульні ў Токіа толькі пачаліся, але грамадска-палітычны і маральны раскол у Беларусі ўжо выявіў сябе па поўнай праграме.
Трэцяя ракетка свету Арына Сабаленка лічылася адной з фаварытак алімпійскага тэніснага турніру. Аднак яна пацярпела паразу ўжо ў 1/16 фіналу, саступіўшы значна менш рэйтынгавай харватцы Доне Векіч.
Яшчэ год таму гама эмоцый з гэтай нагоды ў беларускіх заўзятараў была б ад спагады (Сабаленка прайграла ва ўпартай барацьбе, на тай-брэйку — у серыі «тэнісных пенальці») да расчаравання. Але цяпер на форумах спартыўных медыя панавала радасць, адзначае «Салідарнасць». Магчыма, крыху меншая, чым з нагоды вылету зборнай Расіі з чэмпіянату Еўропы па футболе месяц таму, але таксама безумоўная радасць.
І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Падзеі 2020-2021-га надзвычай жорстка палярызавалі беларускае грамадства. І на спорце, які нібыта «па-за палітыкай», гэта адбілася вельмі прыкметна. Тыя атлеты, якія падтрымалі ўладу, пазбавіліся сімпатый мноства заўзятараў.
Справа тут не толькі ў непапулярнай палітычнай пазіцыі. Арына Сабаленка і раней дэманстравала цягу да Аляксандра Лукашэнкі, але без такіх зруйнавальных наступстваў (у апытанні на «Трыбуне» 92% рэспандэнтаў заявілі, што не заўзелі за тэнісістку ў Токіа).
Справа ў тым, што цяперашні раскол мае не толькі грамадска-палітычны, але і больш глыбокі, маральны характар. Тыя, хто выступае на баку ўлады, асацыююцца з гвалтам у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і атрымліваюць замест прыязнасці пагарду. Гэта пагаршаецца публічнымі выказваннямі: да прыкладу, скакун Максім Недасекаў назваў большасць «статкам» і пацвердзіў, што яму «пас...ць» на іншых людзей (тых, хто не рыхтаваў яго і не падтрымліваў). Пасля гэтага цяжка ўявіць сабе, што гэтая самая большасць будзе заўзець за лёгкаатлета.
Галасаванне ў тэлеграм-канале — гэта, вядома, не сацыялагічнае даследаванне. Але, улічваючы, што спортам цікавяцца людзі розных палітычных перакананняў, на пэўныя высновы рэакцыя аўдыторыі спецыялізаваных медыя ўжо нават не намякае. Ступень папулярнасці праўладных спартсменаў імкнецца да статыстычнай хібнасці.
Значнай частцы (а тое і асноўнай масе) беларускіх заўзятараў істотна большае задавальненне прыносяць не перамогі Сабаленка, Недасекава і іншых прадстаўнікоў гэтай кампаніі, а іх правалы.