Галоўнае — шчырасць

Усё ж такі ў адносінах да беларускага народа галоўнае — шчыра яму патлумачыць, чаму нешта робіцца так, а не інакш. Тады народ больш падумае, больш зразумее. І можа, нават прабачыць. У сучасным эканамічным становішчы такая шчырасць — вельмі неабходны элемент.



jopa.jpg

Напрыклад, канцэрн «Белнафтахім» на гэтым тыдні пайшоў на беспрэцэдэнтны крок па перакладанні сваіх стратаў на кішэню грамадзян. У той час, калі Расія мае намер скараціць пастаўкі нафты Беларусі, светлыя розумы ў канцэрне зразумелі: не будзе нафты — не будзе бензіну. А значыць, трэба ўздымаць кошты ўжо зараз. І другі раз за месяц (чаго раней ніколі не было) павышаныя рознічныя цэны на бензін і дызельнае паліва.

З 17 верасня бензін Нармаль–80 падаражэў на 500 рублёў (або 6,8%) да 7 900 рублёў за літр, АІ–92 — К3 на 500 рублёў (6,5%) да 8 200 рублёў, бензін АІ–92 — К5 на 600 рублёў (7,7%) да 8 400 рублёў, бензін АІ–95 — К5 — на 800 рублёў (9,6%) да 9 100 рублёў. Кошт на дызельнае паліва павялічаны на 700 рублёў (8,2%) да 9 200 рублёў, дызельнае паліва «Еўра 5» — на 700 рублёў (8%) да 9 400 рублёў, дызпаліва «Арктыка» — на 800 рублёў (8,2%) да 10 600 рублёў за літр.

«Белнафтахім» тлумачыць: перагляд коштаў зроблены ў мэтах кампенсацыі павелічэння ставак акцызаў на аўтамабільныя бензіны. Але ж выбачайце, усе акцызы ўжо кампенсаваліся адзін раз — павышэннем коштаў не далей як 3 верасня! Колькі можна даіць аўтааматараў? Наколькі падаражэюць у такім разе аўтобусныя перавозкі, асабліва міжгароднія, і цягнікі?

Але патлумачылі — і добра. Пакуль што новых акцыяў кшталту «Стоп бензін» не назіраецца. Здаецца, усе на ровары збіраюцца пераходзіць.

Тое ж самае з ініцыятывай Лукашэнкі браць па сто долараў з тых, хто выязджае за мяжу. Ляпнуў ён такое ў прыступе красамоўя, не асабліва падумаўшы. Але ж выконваць пачалі! Напрыклад, Дзяржаўны мытны камітэт заявіў аб сваёй гатоўнасці спаганяць «выязную пошліну» з беларусаў. «Калі будзе прынятае дырэктыўным органам Беларусі адпаведнае рашэнне, мытныя органы ў рамках вызначанай у гэтым рашэнні кампетэнцыі будуць яго выконваць», — заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні ДМК Сяргей Барысюк.

Ён даў зразумець, што тарыфы фармуюць адпаведныя органы, а мытная служба іх спаганяе. «Груз, падкантрольны той ці іншай службе, на мяжы выяўляе мытнік і накіроўвае грузаўладальнікаў у адпаведныя службы», — канстатаваў намеснік старшыні ДМК.

Па дадзеных Барысюка, усяго ў гэтым годзе праз дзяржаўную мяжу перамешчана 20 мільёнаў 774 тысяч фізічных асобаў, з якіх асобы, якія маюць грамадзянства Беларусі, складаюць 12 мільёнаў 536 тысяч чалавек. Гэта ж больш за мільярд долараў «міма касы» праляцела!

І не трэба тут асабліва думаць, як і каму плаціць. Трэба пасадзіць аднаго мытніка з адрыўнымі квіткамі, як у кандуктара ў аўтобусе, і хай яму кожны плаціць па «сотцы». І ўся гатоўнасць мытнага камітэта.

Пакуль што напаўняльнасць бюджэту не радуе. А таму найбольш узрадавала шчырасць старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай падчас «прамой лініі» на сайце БелТА. Гэта табе не спадар Пракаповіч з ягонымі заявамі пра «крызісу не будзе», «дэвальвацыі не будзе». Яна вельмі шчыра прызнала: дэвальвацыя ёсць, і яе не можа не быць. «Паступовая дэвальвацыя ў нас ідзе... Але мы не павінны дапусціць разавай дэвальвацыі — гэта будзе згубна для эканомікі. Яна не дала таго выніку, які мы хацелі б атрымаць. Напэўна, яна ў прынцыпе рэдка дае чаканы вынік», — заявіла Ермакова ў анлайне БелТА. «Таму бягучая плаўная дэвальвацыя, якая прадугледжана зыходзячы з сярэдняга курсу рубля, які павінен працаваць у эканоміцы (сярэдні курс 9 500 рублёў за долар на 2014 год), гэта таксама ёсць дэвальвацыя», — дадала яна.

Аблегчыла душу спадарыня Ермакова — усім добра. І ёй добра, што праўду сказала, і народу добра: усе ведаюць, што Нацбанк не тое што абмяжуецца — ужо зараз праводзіць плаўную дэвальвацыю, а калі яе праводзіць, то, натуральна, будзе праводзіць да канца. А значыць, рэзкага абвалу, пакуль праходзіць плаўная дэвальвацыя, не будзе. Вось і ўвесь сказ.

Наколькі гэтая «плаўная» дэвальвацыя працягнецца, і які будзе курс рубля да долара пры яе заканчэнні, калі яна скончыцца, і ці скончыцца яна ўвогуле, — таямніца. Але народу ж шчыра пра гэта паведамілі.

Але што мы ўсё пра дрэннае ды пра дрэннае? Улада клапоціцца не толькі пра тое, каб нам было кепска, але і пра тое, каб нам было б добра. Прыкладам, улады не прыдумалі, якім чынам браць грошы з тых, хто ў лякарню нецвярозым патрапіў. А таму вырашылі галаву больш не тлуміць і проста адмовіліся ад такой ідэі.

Як паведаміў член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Дзмітрый Шаўцоў, на стадыі разгляду паправак у закон Беларусі «Аб ахове здароўя» норма, якая прадугледжвае, што пацыенты, якія паступілі ў медычныя ўстановы ў нецвярозым стане, будуць кампенсаваць выдаткі на сваё лячэнне, з законапраекта была выключаная.

Пытанне з кампенсацыяй выдаткаў на аказанне меддапамогі нецвярозымі пацыентамі, ініцыятарам якога стаў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, доўга абмяркоўвалася парламентарамі, на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя і практыкуючымі медыкамі. Прапанову падтрымаў міністр аховы здароўя Васіль Жарко. «Прапаноў было вельмі шмат, але дакладны, ясны механізм кампенсацыі выдаткаў выпрацаваць не ўдалося. А зрабіць яго дваякім для трактавання недапушчальна», — адзначыў Шаўцоў.

«А ну яго ў пень», — падумалі дэпутаты. У выніку ў законапраекце засталася норма, якая ў цэлым прадугледжвае, што чалавек, які здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні, у выніку якіх пацярпелі людзі, павінен пакрыць выдаткі на іх лячэнне. І толькі.

Такім чынам, шчыра патлумачыўшы свае дзеянні, апраўдаць можна практычна ўсё. Галоўнае, каб народ паверыў. І трэба не перабольшваць. Бо на трэці раз апраўданне пра тое, што бензін падаражэў у сувязі з павышэннем акцызаў на паліва — не пракаціць. Гэта ўжо па-за сумленнем.