Галоўны трэнер «Крумкачоў» Алег Дулуб развітаўся з камандай

Галоўны трэнер «Крумкачоў» Алег Дулуб раніцай 6 кастрычніка развітаўся з камандай. Ён едзе ў Львоў, дзе, як чакаецца, падпіша кантракт з футбольным клубам «Карпаты». Пра гэта паведаміў старшыня праўлення ФК «Крумкачы» Дзяніс Шунто. Ён выказаў Дулубу падзяку «за вылізны ўнёсак у развіццё нашага клуба». Паводле слоў Шунто, Алег Дулуб — гэта частка гісторыі «Крумкачоў» і яго імя ў ёй застанецца назаўсёды.

aleh.png

Як вядома, «Крумкачы» летась сенсацыйна выйшлі ў вышэйшую лігу футбольнага чэмпіянату Беларусі. Пад кіраўніцтвам Дулуба каманда паспяхова выступала і ў эліце, была сярод лідараў, здабыла шмат заўзятараў. Аднак летам пачаўся крызіс, «Крумкачы» перасталі выйграваць і ў выніку апусціліся ў турнірнай табліцы на 10-е месца. Менавіта ў гэтай сітуацыі і сышоў галоўны трэнер.

«Ну а нам трэба думаць, як жыць і з кім ісці далей, — цытуе словы Дзяніса Шунто прэс-служба ФК «Крумкачы». — Хачу супакоіць усіх, каму не абыякавы лёс нашага клуба — жыццё працягваецца, і ўжо сёння мы пачнём будаўніцтва каманды для новага сезона. Гарачку пароць пры выбары галоўнакамандуючага, тым не менш, мы не маем намеру, трэба ўсё старанна асэнсаваць і прыняць правільнае рашэнне. Варыянты ў галаве ёсць, будзем думаць».

Старшыня праўлення таксама паведаміў, што арганізацыяй трэніровачнага працэсу будзе займацца стары «крумкач» Якаў Залескі, а таксама Васіль Хамутоўскі. А вось Сяргея Паўлюковіча і Аляксандра Ванюшкіна з сённяшняга дня ў трэнерскім штабе ФК «Крумкачы» не будзе.

Паводле Еўрарадыё