Гаспадар «Табакерак» пабудуе на Мінскім моры сямейную сядзібу «Радавое гняздо». Участак — 3,8 га
Бізнэсмэн Аляксей Алексін, які стаў вядомым шырокай грамадскасці пасля ўсталявання па ўсёй краіне тытунёвых кіёскаў «Табакерка», атрымаў участак на Мінскім моры пад будаўніцтва сямейнай сядзібы «Радавое гняздо», піша Наша Ніва са спасылкай на tut.by.
Побач у яго ўжо ёсць два аб'екты: гасцінічна-рэстаранны комплекс «Сябры» і стралковы комплекс на тэрыторыі амаль у 7 гектараў. Новы ўчастак бізнэсмэна размешчаны адразу за стралковым комплексам і мае выхад да вады.
Участкі Алексіна каля Мінскага мора. Ніжні злева — той, што выдалі пад будоўлю сямейнай сядзібы. Скрыншот yandex.by.
Паводле выпісу з Адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, надзел плошчай 3,8 гектара быў выдзелены Аляксею Алексіну ў верасні 2018 года па рашэнні Мінаблвыканкама. Зямля дасталася бізнэсоўцу не ва ўласнасць, а ў арэнду на 99 гадоў. Памер гадавой платы — 1 185,79 рубля.
Мэтавае прызначэнне ўчастка — будаўніцтва і абслугоўванне сямейнай сядзібы «Радавое гняздо».
Не выключана, што новы ўчастак будзе дадаткам да двух ужо існуючых аб'ектаў, размешчаным у аграгарадку Сёмкава — базе «Сябры» і стралковага комплексу.
Нагадаем, гасцінічна-рэстаранны комплекс «Сябры», які размяшчаецца за 9 км ад МКАД па дарозе Заслаўе - Калодзішчы, сям'я Аляксея Алексіна стварыла больш за дзесяць гадоў таму. Паступова аб'ект разросся да паўнавартаснага комплексу для загараднага адпачынку.
А ў 2017 годзе падкантрольная Алексіну кампанія «Энерга-Оіл» атрымала дазвол на будаўніцтва комплексу па арганізацыі стэндавай стральбы праз дарогу ад базы «Сябры» пад Мінскам.
Гэтым летам стралковы комплекс, які пабудаваў Алексін, быў прызнаны ўнікальным на дзяржаўным узроўні. Для арганізацыі яго функцыянавання прэзідэнт падпісаў ўказ № 245 «Аб дзейнасці спартыўна-стралковага комплексу». Згодна з дакументам, комплекс атрымаў права займацца вайскова-гістарычнай і вайскова-пазнавальнай асветніцкай дзейнасцю, аказваць арганізацыям і фізічным асобам паслугі па фарміраванні навыкаў абыходжання са зброяй, стральбе з баявой, службовай i грамадзянскай зброi, навучанню стральбе і павышэнню стралковай кваліфікацыі, прывядзенню да нармальнага бою наяўнай у арганізацый і фізічных асоб баявой, службовай i цывільнай зброi, а таксама яе рамонце і мадэрнізацыі.
Хто такі Аляксей Алексін?
Інтарэсы Аляксея Алексіна сканцэнтраваныя на гандлі нафтапрадуктамі, банкаўскай сферы (МТБанк), вытворчасці мясных вырабаў ( «Вялес-Міт»), тытунёвым бізнэсе, дэвелапменце, лагістыцы і рэстаранным бізнэсе. Алексін - былы галоўны спецыяліст дэпартамента энергарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі «Белзнешгандальінвест», якая ўваходзіла ў склад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Ён раней быў партнёрам Юрыя Чыжа. Аднак у 2012 годзе іх шляхі разышліся.