«Гавары праўду» звярнулася з прапановай да беларускіх уладаў і лідараў беларускіх дэмакратычных партый і рухаў

"Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» падтрымлівае ідэю мірнага святкавання 25 сакавіка. У сённяшніх абставінах, калі існаванне краін, іх тэрытарыяльная цэласнасць ставяцца пад сумнеў – Незалежная дзяржава становіцца галоўнай каштоўнасцю і здабыткам, якія ёсць у беларусаў як нацыі", — адзначаецца ў Прапанове да беларускіх уладаў і лідараў беларускіх дэмакратычных партый і рухаў. 



poster3_0.jpg

 Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» сёння, 17 сакавіка, звярнулася з прапановай да беларускіх уладаў і лідараў беларускіх дэмакратычных партый і рухаў. 

«Гавары праўду» адзначае, што "каштоўнасць Незалежнасці павінна гуртаваць беларусаў безадносна да іх палітычных поглядаў".

"Вельмі важным фактарам нашай Незалежнасці ёсць тое, што яна аб’ядноўвае паміж сабою розныя дзяржаўныя ўтварэнні, якія былі на нашай тэрыторыі цягам стагоддзяў – Вялікае княства Літоўскае – Беларуская Народная Рэспубліка – Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка – Рэспубліка Беларусь. Без кожнага з іх не было б сённяшняй Беларусі, — адзначаецца ў прапанове «Гавары праўду».  — Але менавіта 25 сакавіка 1918 года з’яўляецца Днём Незалежнасці, калі ў прынятай у Мінску 3‑й Устаўной грамаце было ўрачыста абвешчана: «Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай».

Такі крок даў магчымасць потым мець БССР – фармальна незалежную дзяржаву, што стала легітымным падмуркам для ўтварэння Рэспублікі Беларусь. Калі паглядзець на гісторыю, то мы ўбачым, што ніводная рэспубліка ці аўтаномія, якая захавалася ў складзе РСФСР, не атрымыла незалежнасць пасля 1991 года. Гэта яшчэ раз яскрава сведчыць пра прынцыповасць гістарычнага досведу БНР.

Зыходзячы з усяго сказанага грамадзянская кампанія “Гавары праўду” прапануе:

·        беларускім уладам прызнаць 25 сакавіка Днём Незалежнасці Беларусі, 3 ліпеня пакінуць святочным днём вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў;

·        прызнаць бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” гістарычнымі беларускімі каштоўнасцямі;

·        беларускіх дэмакратычным партыям і рухам вярнуцца да сапраўднай назвы свята 25 сакавіка — “Дзень Незалежнасці”, ва ўсіх медыя і інфармацыйных матэрыялах выкарыстоўваць менавіта яго, і святкаваць Дзень Незалежнасці".