Генадзю Фядынічу не дазволілі выехаць у Жэневу на сустрэчу прафлідараў
Прафсаюзнаму дзеячу выехаць за мяжу не дазволіў Следчы камітэт.
Следчы камітэт адмовіў старшыні незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзю Фядынічу ў выездзе за мяжу. Фядыніч быў запрошаны ў Жэневу на міжнародную сустрэчу прафсаюзных лідараў.
Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе па крымінальнай справе аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.
Паводле прафсаюзнага дзеяча, падчас яго візіту ў Следчы камітэт прычыну адмовы яму не назвалі. Фядыніч не выключае, што прычына называецца ў адказе міжнароднаму аб'яднанню прафсаюзаў рабочых прамысловасці IndustriALL, які абʼядноўвае 50 мільёнаў чалавек у 140 краінах. Менавіта гэтая арганізацыя запрашала Генадзя Фядыніча ў Жэневу.
У лісце ў Следчы камітэт за подпісам генеральнага сакратара Вальтэра Санчэса абʼяднанне IndustriALL гарантавала своечасовае вяртанне Фядыніча ў Беларусь.
Тым часам сьледства ў дачыненні да Генадзя Фядыніча і бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка працягваецца. «Ідуць следчыя дзеянні. Асабіста я бываю ў следчых, як мінімум, раз у тыдзень, але каментаваць нічога не магу, бо даваў падпіску пра неразгалошванне», – адзначыў Генадзь Фядыніч.
Паводле беларускай службы Польскага радыё