Генадзю Фядынічу вынеслі першае афіцыйнае папярэджанне

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info, чаму ён парушыў рэжым адбыцця пакарання.

Генадзь Фядыніч (справа). Фота Мікалая Дзядка

Генадзь Фядыніч (справа). Фота Мікалая Дзядка

Згодна з умовамі «хатняй хіміі», лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч не можа знаходзіцца па-за межамі сваёй кватэры пазней 19.00 у будныя дні і не мае права пакідаць кватэру ў выхадныя. Таксама забаронена ўжываць алкаголь на ўвесь тэрмін пакарання – 4 гады. Супрацоўнікі міліцыі падчас усяго тэрміну кантралююць выкананне гэтых умоў, таму могуць прыйсці дадому да Фядыніча ў любы час дня і ночы.
У мінулую суботу прафсаюзны актывіст паведаміў, што да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі па падазрэнні ва ўжыванні алкаголю.
«На фоне стрэсу ў мяне нярэдка скача артэрыяльны ціск, – распавёў Генадзь Фядыніч. – У пятніцу на працы танометр паказваў 150–160, у суботу, якая была таксама працоўная, ціск ізноў узняўся да 160. Пад рукой лекаў не аказалася, калегі параілі выпіць крыху каньяку. Так і зрабіў. А каля дома ўжо чакала міліцыя».
Са слоў прафсаюзнага лідара, медыцынскі агляд паказаў у яго крыві наяўнасць алкаголю, хаця ніякіх дакументаў на рукі яму не далі.
Сёння, 3 красавіка, калі Генадзь Фядыніч пайшоў адзначацца ў Цэнтральны РУУС Мінска, яму вынеслі першае афіцыйнае папярэджанне за парушэнне ўмоў адбыцця пакарання.
«Мне сказалі, што нікога не хвалюе мой стан здароўя, правілы для ўсіх аднолькавыя», – дадае прафсаюзны лідар.
Як вядома, калі на працягу тэрміна пакарання будзе больш за тры папярэджанні, рэжым могуць змяніць на больш жорсткі.
palitviazni.info