Гэндальф — кандыдат на прэзідэнцкія выбары-2015 ад інтэрнэт-актывістаў
Сацыяльная суполка «Мая краіна Беларусь», якая налічвае больш за 50 тысяч сябраў, вылучыць свайго кандыдата на прэзідэнта. Актывісты вырашылі, што супрацьстаяць Лукашэнку павінен герой кніг Толкіена чараўнік Гэндальф, і шукаюць асобу, якая б пераўвасобілася ў гэтую ролю.

Галоўныя патрабаванні да кандыдатаў — 35 гадоў, беларускае грамадзянства і «дастатковая адэкватнасць». Стваральнікі суполкі «Мая краіна Беларусь»
кажуць, што «праца не пыльная» і абяцаюць будучаму кандыдату дапамогу ў кампаніі і зборы подпісаў.
На вылучэнне Гэндальфа ў прэзідэнты натхніў украінскі Дарт Вэйдэр, які балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах, але не быў зарэгістраваны. Паводле арганізатараў, Гэндальф — добры чараўнік і
сябра хобітаў, а хобіты, як вядома, падобныя да беларусаў. Як лічыць доктар Лант з Брыстальскага ўнівэрсітэту (Вялікабрытанія), Шыр — зелянінны край, дзе жылі Хобіты, — нагадвае
Беларусь.
Вылучэнне на прэзідэнцкія выбары Гэндальфа, паводле арганізатараў, мае высмеяць рэжым і прадэманстраваць, што выбараў у краіне няма. Як заявіў адзін з ініцыятараў, які называе сябе Арагорнам,
сынам Араторна, кампанія будзе пабудаваная на пазітыве і аб’яднае ўсіх беларусаў, якія хочуць лепшага жыцця:
«Спокліч нашай кампаніі просты і зразумелы. Гэндальф — наш лідэр, які павядзе краіну да лепшага жыцця. Гэндальф — наш кандыдат».
На пытанне, што Гэндальф будзе рабіць, калі пераможа, арганізатары сцвярджаюць, што галоўнае цяпер — змаганне супраць оркаў і супрацьстаянне Мордару:

«Як вядома, у Маскве хацелі ў ноч з чацвярга на пятніцу запаліць вока Саўрана. Гэта невыпадкова. Недзе там і знаходзіцца Мордар», — кажуць актывісты.
Паводле сюжэтаў Толкіенаўскіх апавяданняў, Вялікае Вока Саўрана ёсьць сімвалам прыгнёту і страху.
А пакуль шукаецца адпаведны кандыдат, у сацыяльных сетках поўнай хадой ідзе фармаваньне каманды і папярэдняя агітацыя. Хэштэг кампаніі — #ГэндальфНашКандыдат.
