Генерал Раўкоў параўнаў цяперашнія пратэсты з путчам 1991 года, які разваліў «магутную дзяржаву»
Дзяржсакратар Савету бяспекі Андрэй Раўкоў параўнаў бягучыя падзеі ў Беларусі з путчам Дзяржаўнага камітэту СССР у надзвычайным становішчы (ГКЧП) 1991 года, паведамляе www.svaboda.org.
«29 гадоў таму ў Савецкім Саюзе была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту, які ўвайшоў у гісторыю як „жнівеньскі путч“. Антыканстытуцыйныя дзеянні самаабвешчанага „дзяржаўнага камітэту“ паглыбілі хаос у грамадстве, наблізіўшы распад некалі магутнай дзяржавы. Падобныя працэсы адбываюцца сёння і ў Беларусі», — напісаў генерал Раўкоў у Facebook.
«Спрабуючы парушыць мір і спакой у нашым доме, людзей заклікаюць да мітынгаў і забастовак, якія толькі аслабляюць эканоміку нашай краіны. Частка грамадсянаў паверыла арганізатарам акцый пратэсту, але ім непатрэбная моцная Беларусь. Імкнучыся павярнуць гісторыю назад, яны могуць знішчыць усё, чаго мы дасягнулі упартай і штодзённай працай», — лічыць Андрэй Раўкоў.
У розных гарадах Беларусі ад 9 жніўня працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, на якіх пераможцам абвешчаны Аляксандр Лукашэнка. Згодна з лічбамі ЦВК, за яго прагаласавалі 80,1% выбарнікаў, асноўная апанентка Святлана Ціханоўская атрымала 10,12%.
За час пратэстаў былі затрыманыя каля 7 тысяч чалавек, сотні збітыя і шпіталізаваныя, найменей трое загінулі.