Генік Лойка: Заўтра мяне зарэжа трамвай, то будзеце па-расейску размаўляць

Што можа адзін чалавек? Чаго варты адзін учынак? Бывае гэтак, што і адзін чалавек можа абудзіць вялікі рух. Генік Лойка, госць праграмы «Размова Мацкевіча», калісьці адзін выйшаў на акцыю абароны беларускамоўнай школы. Цяпер ён працягвае гэтую справу з арганізацыяй «Таварыства беларускай школы».



lojka.jpg

Гэнік Лойка

«Я там быў адзін, але за маймі плячыма было шмат людзей: былі бацькі ды цэлая нацыя, хоць знешне гэта прыгадвала Дон Кіхота, — згадвае сваю акцыю пратэсту Генік Лойка. — Я вельмі рады, што мне ўдалося трымаць адному той плакат — уставіўшы адную ножку транспаранта ў снег, другую трымаў сам. Нікога не “падставіў”, не было масавай акцыі, я быў адзін». Скульптар і грамадскі актывіст мяркуе, што тая акцыя мела плён.
 

Паводле госця праграмы, у беларускім грамадстве цяпер існуе меркаванне, што беларускай мове нічога не пагражае і яна не знікне нават у далёкай перспектыве. «Пакуль што людзі спакойныя: беларуская мова не памрэ, усё будзе добра, і, можа, гэта заспакойвае нацыю, і ў выніку мова знікне», — папярэджвае Генік Лойка.
 

Школьнае навучанне на беларускай мове — рэдкасць. І ў тых установах, што яшчэ не зрусіфікаваныя, часам ганарацца сваёй беларушчынай. Хоць ці трывалая яна? «Я, можа, правакую, але часам кажу настаўнікам: вось мяне заўтра зарэжа трамвай – і будзе ў вас спакойна ў школе, і будзеце па-расейску размаўляць», — смяецца Генік Лойка.

Глядзіце размову цалкам наbelsat.eu