Генпракурор: Мінгарвыканкам пры разглядзе заяўкі на Дзень Волі дзейнічаў законна
Пры разглядзе заяўкі на Дзень Волі ў Мінску Мінгарвыканкам дзейнічаў законна і правільна. Пра гэта генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў журналісту "Еўрарадыё" Змітру Лукашуку падчас кароткага інтэрв'ю ў кулуарах Палаты прадстаўнікоў.
Журналіст цікавіўся, ці будзе Генпракуратура праводзіць праверку дзеянняў чыноўнікаў.
Нагадаем, што Мінгарвыканкам не даў своечасовы адказ на заяўку — за пяць адведзеных законам дзён. Сустрэчу з заяўнікамі некалькі разоў пераносілі, і ўрэшце чыноўнікі запрасілі іх на сустрэчу толькі ўвечары 24 сакавіка — напярэдадні акцыі. У выніку ўсе заяўнікі склалі з сябе адказнасць за акцыю.
Журналіст «Еўрарадыё» запытаў, ці будзе Генпракуратура праводзіць праверку па дзеяннях міліцыі падчас разгону акцыі на Дзень Волі. Аляксандр Канюк паведаміў, што ў пракуратуры ёсць асобныя заяўкі грамадзян — па іх будзе праводзіцца праверка. Разам з тым ён падкрэсліў, што акцыя адбывалася несанкцыянавана, таму дзеянні міліцыі былі законнымі.
«Еўрарадыё» таксама пацікавілася, ці будзе пракуратура правяраць факты затрымання выпадковых мінакоў на вулічнай акцыі. Генпракурор у адказ заявіў, што ў яго няма ўпэўненасці, што затрыманыя людзі апынуліся на акцыі выпадкова.
euroradio.fm