Героі не паміраюць! У цэнтры Кіева і ў Бярозаўцы ўшанавалі памяць Вітольда Ашурка (фота)
У нядзелю, 20 чэрвеня, у цэнтры Кіева прайшла акцыя памяці беларускага палітвязня Вітольда Ашурка, які загінуў трыццаць дзён таму ў шклоўскай калоніі № 17.
Фота Арцёма Лявы
Акцыя памяці Вітольда Ашурка ў Кіеве арганізаваная Рухам салідарнасці "Разам" і Беларускім домам ва Украіне.
Перад акцыяй у касцёле св. Аляксандра адбылася памінальная імша.
Грамада прайшла па алеі Нябеснай сотні, па вуліцы Садовай і далей на вул. Грушэўскага.
Фота Арцёма Лявы
Канечная кропка — народны помнік Міхаілу Жызнеўскаму. Падчас мітынгу зачыталі ўспаміны брата Вітольда Андрэя і сяброў, пасланне Вольгі Быкоўскай. Выступілі таксама арганізатары імпрэзы. Прагучала "Пагоня" Максіма Багдановіча і "Магутны Божа" Наталлі Арсенневай.
Фота Арцёма Лявы
У Бярозаўцы, дзе жыў i быў пахаваны Вiтольд, у касцёле Сыходу Святога Духа адбылася малітва ў яго памяць: у каталiцкай традыцыi памiнанне адбываецца на 30-ы дзень пасля смерці. "Няма большай ахвяры, чым калі чалавек аддае жыццё за сваіх сяброў", — такімі ўрачыстымі словамі ўзгадаў ксёндз Вітольда Ашурка і адзначыў, што ад усіх нас залежыць, каб гэтая ахвяра не была марнай.
Касцёл у Бярозаўцы. Фота Кацярыны Шуст