«Гэта адкрыты выклік дэмакратычнаму Захаду!» Рух Салідарнасці «Разам» асудзіў рэпрэсіі супраць патрыётаў

Адпаведная заява з асуджэннем карных захадаў беларускіх улад супраць удзельнікаў акцый за незалежнасць размешчана на старонцы Руха ў фэйсбуку.

Пратэсты супраць інтэграцыі

Пратэсты супраць інтэграцыі

Рух Салідарнасці «Разам» абураны чарговай хваляй рэпрэсій супраць беларускіх патрыётаў. Асабліва абурэнне выклікаюць незаконныя прысуды да арышту на 30 сутак ініцыятара і аднаго з лідараў антыімперскіх вулічных пратэстаў у Мінску Паўла Севярынца, і да арышту на дадатковыя 15 сутак — блогераў Дзмітрыя Казлова і Сяргея Ціханоўскага. Жорсткасць гэтых «прысудаў» і масавасць «судоў» над удзельнікамі акцый, — ужо адбылося больш за 100 «судовых» працэсаў, — палітычныя наступствы «глыбокай інтэграцыі», навязанай Масквой.
Гэтая хваля рэпрэсій сведчыць не толькі аб тым, што сённяшнія ўлады ў Беларусі пераўтвараюцца ў звычайных пуцінскіх халуёў, гэта ёсць адкрыты выклік дэмакратычнаму Захаду, асабліва калі ўлічыць заклік Еўрапейскай Народнай Партыі, — найбуйнейшай партыі Еўропы, якая мае самую вялікую фракцыю ў Еўрапарламенце, — да вызвалення персанальна Паўла Севярынца яшчэ падчас яго мінулага незаконнага арышту на 15 сутак.


Рух Салідарнасці «Разам» заклікае беларускі народ да супраціву імперскім планам Масквы, а міжнародную супольнасць — да салідарнасці з беларусамі, якія трапляюць пад палітычныя рэпрэсіі, і з Беларуссю, якая знаходзіцца пад пагрозай анексіі з боку пуцінскай Расіі.