Гэта беспрэцэдэнтна. Прэстыжную алімпіяду па фізіцы IPhO 2022 перанеслі з Беларусі

Кіраўнікі каманд, відаць, палічылі ўдзел у мерапрыемстве ў Беларусі занадта таксічным. Дзе цяпер адбудзецца алімпіяда — пакуль незразумела

ipho.jpg

Летам 2022 года пад эгідай Беларусі павінна была прайсці IPhO 2022 — Міжнародная фізічная Алімпіяда школьнікаў. Аднак міжнародны аргкамітэт вырашыў перанесці Алімпіяду з Мінска. Куды — яшчэ не вядома, піша devby.io.

IPhO — штогадовыя спаборніцтвы па фізіцы сярод школьнікаў з больш чым 80 краін. Каманды з Беларусі за гады правядзення заваявалі ўжо амаль 100 медалёў.

У сакавіку на сайце Беларускага аргкамітэта IPhO 2022 (Алімпіяда павінна была прайсці пад эгідай Мінадукацыі і БДУ) з'явілася інфармацыя пра перанос мерапрыемства ў анлайн. Аднак міжнародны аргкамітэт на экстраным пасяджэнні 3 красавіка вырашыў змяніць лакацыю.

На беларускім сайце, прысвечаным IPhO, пакуль няма абнаўленняў.

Ілля Карусейчык 10 гадоў рыхтаваў каманду школьнікаў Мінска да рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, але быў вымушаны сысці ў 2021-м пасля затрымання. Ён лічыць, што гэта падзея па значнасці — з шэрагу адмены сусветнага спартыўнага чэмпіянату. Пра гэта ён распавёў devby.io

— Гэта незвычайная сітуацыя?

— Рашэнне аб пераносе IPhO — без перабольшання, беспрэцэдэнтнае.

Раней палітычныя і маральныя меркаванні як падстава для пераносу не разглядаліся. Можна ўспомніць, да прыкладу, 2007 год, калі Алімпіяда прайшла ў Іране на фоне напружанай фазы супрацьстаяння з сусветнай супольнасцю па яго ядзернай праграме. Больш за тое, з прычыны "асаблівасцяў" іранскай знешняй палітыкі шэраг каманд (Ізраіль, ЗША і іншыя) былі вымушаныя прапусціць мерапрыемства з меркаванняў бяспекі.

Я звязваўся з прадстаўнікамі Міжнароднага камітэта алімпіяды, ведаю, што сакратарыят планаваў і ў 2022 годзе правесці мерапрыемства згодна з планам, ігнаруючы падзеі, якія адбываюцца.

Аднак, паводле маёй інфармацыі, многія каманды ўжо адмовіліся ехаць у Беларусь, таму беларускі аргкамітэт прыняў рашэнне праводзіць Алімпіяду анлайн. Аднак і гэта не пераканала кіраўнікоў каманд. Удзел, відаць, палічылі занадта таксічным.

Разглядаецца варыянт правядзення Алімпіяды анлайн пад эгідай Швейцарыі.