Стала вядома, колькі зарабіла Беларусь на футбольных трансляцыях
Старшыня Беларускай федэрацыі футболу Уладзімір Базанаў у эфіры каналу «Беларусь 5» распавёў, колькі ўдалося зарабіць на продажы правоў за тэлетрансляцыю матчаў нацыянальнага чэмпіянату, паведамляе Белсат.
«Гэта не такія ўжо вялікія грошы. Мы мелі падпісаныя кантракты з пэўнымі медыямі тых краінаў, якія захацелі, каб мы транслявалі. Недзе па $ 800-1000 зараблялі за матч. Агулам атрымалася каля € 280 тыс.», – адзначыў кіраўнік БФФ.
Паводле яго, заробленыя сродкі плануецца пусціць на развіццё футбольнай інфраструктуры краіны. Базанаў падкрэсліў, што ў Беларусі толькі 75 палёў памерам 20 на 40 мэтраў. Для параўнання, у Малдове іх 500.
У сувязі з каранцінам ва ўсіх еўрапейскіх краінах былі адмененыя масавыя мерапрыемствы, у тым ліку спартовыя матчы. У Беларусі ж, наадварот, праводзіўся чэмпіянат па футболе. Менавіта таму колькасць ставак на беларускі футбол пачала імкліва расці, а іншыя краіны пачалі купляць правы на трансляцыі футбольных матчаў беларускага чэмпіянату.
Разам з тым некаторыя футбалісты заразіліся на каронавірус.